Расійскі прэзідэнт можа сустрэцца з беларускай апазіцыяй

Расія не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і не мае ніякіх адносінаў да таго, як развіваецца палітычнае жыццё ўнутры суседняй краіны. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў беларускім журналістам
"Умяшанне ва ўнутраныя справы — гэтае жаданне паставіць палітычныя працэсы ў той або іншай краіне пад кантроль іншай дзяржавы. У нас такога і ў думках не было. Ды гэта і немагчыма", — падкрэсліў Мядзведзеў.

Пры гэтым Мядзведзеў падкрэсліў, што Расія пільна сочыць за развіццём палітычных працэсаў у Беларусі.

Як адзначае БелаПАН, расійскі прэзідэнт таксама не выключыў магчымасці сваёй сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі: "Зносіны паміж палітыкамі — гэтае нармальная рэч. Калі да нас прыязджаюць замежныя лідэры, яны сустракаюцца з нашай апазіцыяй — падабаецца нам гэта або не падабаецца. Мне, можа быць, нешта і не падабаецца, але яны рэгулярна выклікаюць да сябе прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, каб атрымаць больш поўную карціну ўладкавання грамадскага жыцця ў нашай дзяржаве".

На яго думку, такіх правілаў варта прытрымлівацца любой краіне. "Гэта не можа характарызавацца як умяшанне ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы", — лічыць Дзмсітрый Мядзведзеў.

***

Расія не бачыць асаблівай карысці ад праграмы Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства", але не збіраецца перашкаджаць яе рэалізацыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

"Як я магу заклікаць не ўдзельнічаць у тым або іншым аб'яднанні, калі самі дзяржавы лічаць для сябе гэта выгадным? Я не бачу нічога звышнатуральнага ў гэтым "Усходнім партнёрстве". Але я, адкрыта кажучы, і карысці асаблівай ад яго не бачу. І гэта мне пацвярджаюць усе ўдзельнікі гэтага "партнёрства", з кім я размаўляў. Але я не бачу нічога накіраванага непасрэдна супраць нашай краіны", — перадае БелаПАН словы Мядзведзева.

Пры гэтым расійскі кіраўнік паведаміў, што краіны — ўдзельніцы "Ўсходняга партнёрства" прапаноўваюць Расіі разнастайныя асацыятыўныя формы ўдзелу. "Вядома, калі там будуць абмяркоўвацца разнастайныя антырасійскія сюжэты, мне як прэзідэнту гэта не спадабаецца. Але я спадзяюся, што нашы партнёры ад гэтага ўстрымаюцца. А так хай абмяркоўваюць усё, што жадаюць", — заявіў Мядзведзеў.

***

Расія ні дэ-факта, ні дэ-юрэ не прапаноўвала Беларусі ўвайсці ў склад Расійскай Федэрацыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю беларускім журналістам 23 лістапада ў падмаскоўнай рэзідэнцыі "Барвіха".

Расійскі кіраўнік нагадаў, што ў адной з рэплік яго папярэднік Уладзімір Пуцін сказаў, што той, хто разлічвае атрымліваць расійскі газ па ўнутрырасійскіх коштах, павінен разумець, што такія кошты існуюць толькі для суб'ектаў унутры федэрацыі. Але "з гэтага не выцякае, што Расія прапаноўвала Беларусі стаць суб'ектам Расійскай Федэрацыі", — перадае БелаПАН словы Мядзведзева.

"Такія рэчы вызначаюцца толькі ўсенародным галасаваннем. Гэта нават не прэрагатыва прэзідэнта", — падкрэсліў расійскі кіраўнік.

***

Расійскі прэзідэнт не выключае магчымасці будаўніцтва другой галіны газаправоду Ямал — Еўропа праз Беларусь, але толькі ў выпадку, калі пад гэта будуць складзеныя кантракты на пастаўку газу.

"Калі будзе патрэба ў такой колькасці газу, мы гатовыя разглядаць і іншыя ідэі, уключаючы і ідэю "Ямала-2". Але гэта толькі ў тым выпадку, калі мы будзем мець ужо закантрактаваныя аб'ёмы газу", — перадае словы Дзмітрыя Мядзведзева РІА Новости.

***

Беларусь не звярталася да Расіі па дапамогу ў расследаванні шэрагу гучных злачынстваў, у тым ліку выкрадання тэлеаператара канала ОРТ Змітра Завадскага ў 2000 годзе.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў: "Я не ведаю, якія звароты былі да таго, але ў маю бытнасць прэзідэнтам такіх зваротаў да мяне не было".

Пры гэтым Мядзведзеў падкрэсліў, што ўсе злачынствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі, як і на тэрыторыі Расіі, "павінны быць расследаваныя, пакуль у іх не будзе пастаўленая кропка, не знойдзеныя вінаватыя, не вызначана, што адбылося". "Несумнеўна, і па гэтых злачынствах павінна быць пастаўленая кропка", — адзначыў ён.

Як нагадвае БелаПАН, аператар расійскага тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі знік у Беларусі ў ліпені 2000 года. Раней, 16 верасня 1999 года, бясследна зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і яго сябар прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. У траўні 1999 года без вестак знік былы кіраўнік МУС, апазіцыйны палітык Юры Захаранка.

***

Расія і Беларусь павінны будуць для фармавання Мытнага саюза прыняць балючыя, але неабходныя рашэнні па ўніфікацыі пошлінаў на іншамаркі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, перадае "Інтэрфакс".

"Гэта адчувальная вельмі рэч, вядома, асабліва для Беларусі, - адзначыў расійскі кіраўнік. — Ну, ужо калі мы дамаўляемся пра Мытны саюз, а гэта, у цэлым, для нас выгадна, то мы, вядома, павінны ўніфікаваць і мыты, прычым пайсці на ўзаемныя дзеянні".

Па словах Мядзведзева, з аднаго боку, знізяцца мыты на іншамаркі ў Беларусь, з другога боку, Расія гатовая павялічыць шэраг плацяжоў, пошлінаў па буйных машынах — у прыватнасці, па МАЗах, па аўтамабілях адпаведнай катэгорыі.

***

У 2010 годзе кошт расійскага газу для Беларусі будзе прыкладна на 30-40% ніжэй, чым для "супастаўных краін". Такая заява прагучала ад Дзмітрыя Мядзведзева, інфармуе БелаПАН.

Па ягоных словах, кошт на наступны год разлічваецца аўтаматычна, на падставе наяўнага кантракту. Мядзведзеў таксама паведаміў, што ў чацвёртым квартале 2009 года кошт на газ для Беларусі складае 122 долара за тысячу кубаметраў. Ён падкрэсліў, што Беларусь заўсёды атрымлівала расійскі газ па ільготных коштах. Як падлічылі эксперты, з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці аб'ём расійскіх прэферэнцый для краіны ў выглядзе ільготных коштаў на сыравінныя рэсурсы склаў 50 млрд даляраў, адзначыў расійскі кіраўнік.

***

Дзмітрый Мядзведзеў ні афіцыйна, ні асабіста не прасіў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку і іншых службовых асоб прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Пра гэта прэзідэнт Расіі заявіў 23 лістапада ў Барвісе падчас прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў.

Імпрэза ладзілася з нагоды 10-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы і саміту ЕўрАзЭС, паведамляе БелаПАН.

Пры гэтым Мядзведзеў не стаў хаваць, што для Расіі было б лепш, калі б паўночнакаўказскія рэспублікі атрымалі "больш міжнароднага прызнання". "Але гэтая ўнутраная справа Беларусі", — падкрэсліў расійскі кіраўнік.

У той жа час ён адзначыў, што неаднаразова чуў ад Лукашэнкі запэўніванні ў тым, што Беларусь станоўча разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася таксама вайсковая групоўка — КСАР (Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання) АДКБ. Па словах Мядзведзева, пытанне пра ўдзел Беларусі ў ваенных дзеяннях у рамках КСАР АДКБ павінен вырашацца з улікам двух момантаў. Першы — нацыянальная Канстытуцыя і ўнутраныя законы. Другі — адпаведнасць міжнароднаму праву, якое мае наднацыянальны статус.

Ён падкрэсліў, што КСАР ствараецца для аператыўнага рэагавання на сучасныя выклікі. "У адпаведнасці з дамовай аб калектыўнай бяспецы ў нас дзейнічае такое жа правіла, як у NATO, — падкрэсліў расійскі прэзідэнт. — Напад на адну з краін дамовы разглядаецца як напад на ўвесь блок".

Мядзведзеў паведаміў, што ён і кіраўнік Беларусі дамовіліся раз у два гады праводзіць сумесныя вайсковыя вучэнні накшталт тых, што прайшлі ў верасні 2009 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі