Расійскі савет па правах чалавека спрабуе дапамагчы Алене Танкачовай

Савет пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека звярнуўся ў расійскі МЗС з просьбай аказаць тэрміновую падтрымку грамадзянцы Расіі Алене Танкачовай, якую высылаюць з Беларусі.

Беларускія ўлады раней анулявалі від на жыхарства вядомай праваабаронцы, кіраўніка Цэнтру прававой інфармацыі. Танкачова жыве ў Мінску каля 30 гадоў і ёй загадалі пакінуць краіну цягам месяцу.

Фармальнай прычынай для анулявання віду на жыхарства, паводле Танкачовай, сталі “адміністратыўныя правапарушэнні ў выглядзе перавышэння хуткасці”.

Праваабаронцы мяркуюць, што Алену Танкачову высылаюць з-за яе грамадскай дзейнасці і крытыкі на адрас уладаў Беларусі.

“Відавочная неадэкватнасць прымененай уладамі Рэспублікі Беларусь санкцыі за малазначнае правапарушэнне прымушае меркаваць, што рэальным матывам высылкі расійскай грамадзянкі з’яўляецца праваабарончая дзейнасць Алены Танкачовай. Улады не спыніла ні тое, што тут у Алены сям’я, праца, кватэра, асабістыя і прафесійныя сувязі, ні тое, што нашы краіны ўтвараюць Саюзную дзяржаву, а грамадзяне нашых краін карыстаюцца роўнымі правамі”, — цытуе ВВС заяву Савету пры прэзідэнце Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі