Распрацаваны пластык, які здольны самаразбурацца
Навукоўцы прыдумалі "фантастычнае рашэнне"
Навукоўцы распрацавалі пластык, які, як яны лічаць, можа дапамагчы змагацца з забруджваннем навакольнага асяроддзя. Новы матэрыял здольны самаразбурацца, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Паліурэтан, які выкарыстоўваюць для вытворчасці мноства прадуктаў (ад чахлоў для тэлефонаў да красовак), складана перапрацоўваць. Але навукоўцы прыдумалі "фантастычнае рашэнне". З дапамогай бактэрый, якія ядуць пластык, яны стварылі новы матэрыял, які можа сам "пераварвацца".
На працягу ўсяго тэрміну жыцця вырабу з новага пластыка бактэрыі знаходзяцца ў спячым стане (і павышаюць яго трываласць), а вяртаюцца да актыўнага жыцця толькі калі апынуцца пад уздзеяннем пажыўных рэчываў у кампосце. Гэтае вынаходніцтва дазваляе спадзявацца, што "мы зможам паменшыць забруджванне прыроды пластыкам", кажа даследчык Хан Сол Кім з Каліфарнійскага універсітэта ў Сан-Дыега.
Пакуль працягваюцца лабараторныя даследаванні. Прамысловасць можа пачаць выкарыстоўваць новы пластык праз некалькі гадоў. Пры гэтым некаторыя навукоўцы не з'яўляюцца прыхільнікамі вынаходніцтва. Яны сцвярджаюць, што значна лепш проста скараціць колькасць пластыка ў выкарыстанні.
Летась навукоўцы са Швейцарыі выявілі ў Запаляр'і і Альпах мікробаў, якія раскладаюць пластык пры нізкіх тэмпературах. Яны заявілі, што іх адкрыццё можа стаць рэвалюцыйным рашэннем для перапрацоўкі смецця — вырашэння вялізнай праблемы з утылізацыяй пластыка, які назапашваецца на звалках і засмечвае акіян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.