Гартэнзія, ружа, барвенак: чым замяніць пластыкавыя кветкі на могілках

Могілкі / Еўрарадыё
Могілкі / Еўрарадыё

Дзень памінання памерлых, Радаўніца, у каталікоў будзе 18 красавіка, а ў праваслаўных — 25 красавіка. У гэтыя дні людзі наведваюць могілкі і, зразумела, нясуць на магілы кветкі. У асноўным гэта пластыкавыя букеты, якія нясуць шкоду навакольнаму асяроддзю. Акрамя таго, з часам падобнае аздабленне выглядае ўжо не так добра.

Экалагічная арганізацыя "Экадом" расказвае, як проста перайсці з пластыкавых упрыгожанняў на натуральныя.


Эколагі — супраць. І нават царква супраць. А вы?

Аргументы аматараў прынесці пластык на могілкі часта зводзяцца да "гэта проста", "гэта нядорага", "усе так робяць" ці "не магу прыходзіць на могілкі часта, а пластыкавыя кветкі стаяць год". Аднак не складаней і не даражэй пасадзіць на магіле жывыя кветкі, якія пратрываюць значна даўжэй за год.

Купляючы пластыкавыя кветкі, вы купляеце смецце. Любая пластыкавая кветка — гэта "букет" з розных відаў пластыка. Сярод іх і пенапласт, і латэкс, і поліэстар, і арганза. Праз складанасці сартавання такую кветку немагчыма экалагічна утылізаваць, а значыць шкодныя рэчывы трапляюць у глебу, ваду і паветра.

Гортензия, роза, барвинок: чем заменить пластиковые цветы на кладбище
Іберыс / pexels.com

Нізкарослыя культуры, якія сцелюцца па зямлі, яшчэ называюць дывановымі раслінамі. Акрамя надання дэкаратыўнага выгляду, яны таксама заглушаюць пустазелле, а значыць працы на могілках стане менш. Смела можна высаджваць:

  • барвенак — можа быць з блакітнымі, чырвонымі, малінавымі кветкамі, ён ценетрывалы і непатрабавальны да складу грунту;
  • гваздзік травянка — расце не вышэй за 6 сантыметраў, квітнее малінавымі, чырвонымі, белымі або чырвона-белымі кветкамі амаль увесь сезон, галоўнае — не садзіць яго ў глухім цені;
  • гарлянка паўзучая — адна з самых непатрабавальных раслін, што стварае мяккі фон, якім можна дапаўняць іншыя кветкі;
  • іберыс — квітнее белымі кветкамі, здольны мірыцца з частковым зацяненнем.


Кусты

Гортензия, роза, барвинок: чем заменить пластиковые цветы на кладбище
Гартэнзія / pexels.com

На могілках можна пасадзіць адзінкавыя саліцёры. Гэты від раслін часцей абіраюць для ўпрыгожвання перыметра магілы. Яны павінны быць кампактнымі і не мець глыбокіх каранёў. Часцей выбіраюць:

  • пладаносныя — барбарыс, шыпшына;
  • гартэнзіевыя — гартэнзія, язмін;
  • куставыя ружы — Alexandre Girault, Blushing Bride, Maria Liesa.

Для ружаў патрабуецца больш жывільная глеба, таму не факт, што яны прыжывуцца на могілках, але паспрабаваць можна.

 
Сезонныя кветкі

Гортензия, роза, барвинок: чем заменить пластиковые цветы на кладбище
Нарцыс / pexels.com

Перыяд іх красавання прыпадае на пэўны сезон. Тут варыянтаў таксама шмат, але выбіраць лепш мнагалетнікі. Калі казаць аб традыцыі, то на беларускіх землях на могілках высаджвалі браткі, аднак гэтая расліна аднагадовая і на наступны год не дасць парасткаў. Касачы, незабудкі, нарцысы, стакроткі — прыгожы, удалы і практычны выбар, а апошнія, да таго ж, добра прыжываюцца ў цені. Выбірайце бягоніі, прымулы, фіялкі, цюльпаны — для вясны. Сухацвет, афаналіс і лаванду — для лета. Увосень квітнеюць аксаміткі і верас.

Калі адвесці ўвагу ад кветак, то для аздаблення магілы таксама можна выкарыстаць дэкаратыўны мох, плюшч, нізкарослыя дрэвы.

Як толькі вы ўбачыце, як змянілася магіла з першай квеценню, запэўніваем, што больш не захочаце несці на могілкі родным пластык, каторы неўзабаве пойдзе на сметнік, — падсумоўвае "Экадом".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі