Развенчваем сем міфаў пра палітвязняў, якія расколваюць беларускія дэмсілы

Чарговая спрэчка сусветнага масштабу

Чарговая спрэчка сусветнага масштабу / @rubanau_collage

На мінулым тыдні ў інтэрнэце ўзнікла гарачая спрэчка паміж актывістамі, якія займаюцца пытаннямі палітвязняў. Яны абмяркоўвалі, як менавіта варта вызваляць людзей з турмаў і ці робяць дэмакратычныя сілы дастаткова для гэтага. Масла ў агонь падліў абмен вязнямі паміж Расіяй і краінамі Захаду, у фінальны спіс якога не трапілі беларусы.

Падчас спрэчак гучалі як справядлівыя заўвагі, так і наратывы, якімі карыстаецца рэжымная прапаганда.

Еўрарадыё сабрала самыя гучныя сцвярджэнні і высветліла, наколькі яны адпавядаюць рэальнасці.

 

Офіс Ціханоўскай не хоча, каб выпускалі уплывовых палітвязняў (Ціханоўскага, Бабарыку, Калеснікаву і г.д.), бо гэта пазбавіць саму Ціханоўскую лідарства, а структуры дэмсіл — фінансавання

Коратка:

Хлусня.

Разгорнута:

Адна са свежых канспіралагічных тэорый, якая аднолькава падабаецца ўсяму спектру крытыкаў дэмсілаў: іх палітычным апанентам па дэмакратычным лагеры, расчараваным сваякам палітзняволеных і прарэжымнай прапагандзе

Вось толькі фактаў, якія пацвярджаюць гэты тэзіс, ніхто так і не прадставіў. Публічных заяў і ўчынкаў з боку прадстаўнікоў дэмсілаў, якія можна інтэрпрэтаваць як дэманстрацыю страху і нежаданне вызваляць медыйных палітвязняў, знайсці не атрымалася. 

Калі глядзець на сітуацыю збоку, то яна выглядае абсурдна. Атрымліваецца, што Святлана Ціханоўская, якая ў 2020 годзе трапіла ў палітыку, каб падтрымаць кампанію свайго на той момант арыштаванага мужа і бацькі яе дзяцей, праз чатыры гады не хоча яго вызвалення. 

Што тычыцца магчымага змянення баланса сіл у лагеры дэмсіл, то тут мы трапляем у прастору альтэрнатыўнай гісторыі, дзе сцэнары могуць развівацца па-рознаму. Вызваленыя лідары пратэстаў могуць стаць як уплывовымі гульцамі на палітычнай арэне, так і цалкам растварыцца, як гэта адбылося з Валерыем і Веранікай Цапкаламі.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і незалежны палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Эксперт расказаў Еўрарадыё, што эфект ад вызвалення палітвязняў залежыць ад умоў, пры якіх гэта адбудзецца.

"Ці выпускаюцца людзі проста на свабоду, або іх [прымусова] выціскаюць з краіны? Ці змяняецца з іх вызваленнем палітычны клімат у Беларусі, ці проста іх вызваляюць, а ў краіне ўсё тое ж самае [палітычныя рэпрэсіі] працягваецца?

Таму што калі ў краіне пачынаецца нейкая новая дынаміка, і гэтыя людзі могуць сябе праявіць на месцы, то гэта робіць дыяспару, апазіцыйны рух за мяжой нашмат менш значным". 

Зрэшты, разважае Шрайбман, вызваленне ўплывовых палітвязняў можа ўнесці пэўную дэзарганізацыю апазіцыі:

"З'явяцца свежыя асобы, якія захочуць займацца палітыкай. [На іх] будзе звернуты позірк і беларусаў унутры краіны, і міжнародных партнёраў. І гэта, вядома ж, адцягне частку ўвагі ад Ціханоўскай і Латушкі. І далей пытанне — як яны выбудуюць адносіны, ці змогуць убудавацца ў існуючыя структуры або будуць ствараць нейкія новыя цэнтры сілы і штабы. І тады, напэўна, узнікнуць канфлікты ці, прынамсі, канкурэнцыя”.

У простую матывацыю па страце ўплыву і фінансавання эксперт не верыць. 

"Людзі могуць кіравацца не толькі карыслівымі палітычнымі інтарэсамі па захаванні свайго сённяшняга ўплыву. Мы зводзім палітыкаў у дыяспары да такога абсалютнага маральнага цынізму, лічачы, што адзінае, пра што яны клапоцяцца, гэта каб любой цаной, нават коштам жыццяў сваіх сяброў, паплечнікаў, сваякоў, захаваць сваё палітычнае і без таго не асабліва ўплывовае становішча. Мне такое дапушчэнне, што людзі кіруюцца толькі такім матывам, здаецца вельмі сумнеўным".

 

Дэмсілы выступаюць за формулу вызвалення палітвязняў: выходзяць альбо ўсе адразу, альбо ніхто

Коратка:

Хлусня.

Разгорнута:

Пра падобную практыку паведамляла сустваральніца ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгенія Доўгая і менеджарка праекта Politzek.me Алана Гебрэмарыям. 

Гэтае сцвярджэнне праз свае крыніцы праверылі журналісты выдання “Наша Ніва” і кіраўнік фонда BY_help Аляксей Лявончык — і не знайшлі пацверджанняў гэтаму.

Асуджэнне напісання памілаванняў — гэта наратыў, які прапаганда прыпісала дэмсілам. Але пакуль што нельга сцвярджаць дакладна, што такая тактыка ідэалагічнага ўздзеяння на вязняў цалкам не выкарыстоўваецца. Каб так лічыць, у нас недастаткова інфармацыі. Хутчэй за ўсё адзіночныя выпадкі маюць месца, але агульнай практыкай гэта яшчэ не стала. 

 

Палітвязняў не выпускаюць, бо дэмсілы не займаюцца перамовамі па іх вызваленні. Ім гэта нявыгадна

Коратка:

Хлусня.

Разгорнута:

Гэтага меркавання прытрымліваецца шэраг сваякоў палітвязняў. Але ж дэмсілы неаднаразова ўзнімалі пытанне зняволеных праціўнікаў Лукашэнкі на самых высокіх узроўнях. У тым ліку і з палітыкамі, да меркаванняў якіх у Мінску вымушаныя прыслухоўвацца.

Калі рэжым адмаўляецца бачыць у прадстаўніках дэмсілаў суб'екта перамоваў па гуманітарным пытанні — ёсць заходнія палітыкі, чыю легітымнасць не ставіць пад сумнеў нават беларуская прапаганда. Яны ў курсе сітуацыі з палітвязнямі і могуць быць суб'ектамі перамоваў.

Да таго ж, як мы даведаліся праз нядаўні абмен вязнямі паміж Расіяй і краінамі Захаду, такія перамовы праходзяць максімальна непублічным чынам. Калі пра іх публічна разважаць, то ніякіх перамоў не будзе. 

Развенчваем сем міфаў пра палітвязняў, якія расколваюць беларускія дэмсілы
Фота палітвязняў, развешаныя у Варшаве падчас Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі / spring96.org

Вось што Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, распавядаў падчас слуханняў Каардынацыйнай рады па пытанні палітвязняў напрыканцы 2023 года.

“Шмат хто абвінавачвае нас у тым, што мы не спрабуем дамаўляцца з рэжымам. Але мы спрабуем. Асабіста я на кожнай канферэнцыі ці сустрэчы, ні разу не прапусціў магчымасці падысці да любога лукашэнкаўскага чыноўніка, але яны заўсёды кажуць, што гэта не палітвязні, а злыдні і тэрарысты, якія павінны сядзець у турме і гарэць у пекле.”

Таму, хутчэй за ўсё, спробы наладзіць кантакт працягваюцца. Аднак найбольш эфектыўны ўплыў на Лукашэнку маюць замежныя палітыкі, у тым ліку заходнія. Ацаніць, наколькі актыўна ў гэтай справе працуюць дэмакратычныя сілы, складана.
 

Вызваленне палітвязняў, што адбылося ў ліпені — акт гуманізму з боку Лукашэнкі

Коратка: 

Часткова праўда.

Разгорнута:

Пра гуманізм Лукашэнкі ў справе вызвалення палітвязняў пераважна заяўляе дзяржаўная прапаганда, з чым часткова згодныя некаторыя палітыкі і актывісты дэмакратычнага руху.

Палітолагі ў сваю чаргу сыходзяцца ў меркаванні, што пытанне гуманізму на парадку дня рэжым не ставіць. Для яго важным з’яўляецца прагматызм — што можна атрымаць для сябе праз вызвалення людзей, пры гэтым не страціўшы ў іміджы. Палітвязні пры гэтым падыходзе разглядаюцца выключна як тавар, які можна трохі прытрымаць, калі кошт за яго недастаткова вялікі.

Вось што пра гуманістычныя парывы піша палітычны аналітык выдання “Позірк” Аляксандр Класкоўскі.

“Можна меркаваць, што ён [Лукашэнка] хоча злёгку прыхарошыць, гуманізаваць свой імідж перад прэзідэнцкай кампаніяй 2025 года. <...> Так што не грэх зрабіць нейкі жэст у надзеі хоць трохі наладзіць адносіны з праклятымі буржуінамі, трошачкі пашырыць калідор для палітычнага манеўравання”.
 

Дэмсілы вінныя ў тым, што ў абмене вязнямі паміж краінамі Захада і Расіяй не было беларускіх палітвязняў

Коратка: 

Хлусня.

Разгорнута:

Ускладаць усю віну на дэмсілы, што Захад не вызваліў палітвязняў падчас абмену з Расіяй, будзе прынамсі дзіўна.

Заходнія краіны самі не паведамілі Офісу Ціханоўскай і іншым арганізацыям, што такія перамовы ўвогуле адбываюцца. І акрамя расійскіх палітвязняў ніхто на волю не выйшаў.

Вось як гэта тлумачыў палітык Павел Латушка ў размове з Еўрарадыё:

“Давайце шчыра скажам, што вызваленых польскіх палітзняволеных таксама, як бачыце, няма. Прынамсі, пакуль у турмах рэжыму чатыры грамадзяніна Польшчы, асуджаныя за “палітыку” і нібыта “шпіянаж”. У тым ліку вядомы журналіст Анджэй Пачобут. 

Хоць Польшча і брала ўдзел у абмене, бо выдала затрыманага ў Польшчы расійскага шпіёна. Дарэчы, і грамадзянін ЗША, няхай і з двайным грамадзянствам, таксама на сёння застаўся ў турме Лукашэнкі [гаворка пра палітыка Юрыя Зянковіча — Еўрарадыё].

<...>

Але яны, як мне здаецца, вырашылі не рызыкаваць і ісці [такім] шляхам — будзем мяняць тых, каго дамовіліся мяняць з Пуціным, і не будзем ускладняць сітуацыю, пашыраць кола і камунікаваць з Лукашэнкам”.

Магчыма, сітуацыя вырашылася б па-іншаму, калі б дэмсілы больш укладаліся ў данясенне думкі да заходніх партнёраў, што вызваленне палітвязняў стаіць у прыярытэце, але дакладна мы гэта не ведаем. 

Вось што пра гэта раней казаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман:

“Мне падаецца, адказ на пытанне, чаму там [падчас абмену] не фігуравалі беларускія палітвязні, па-свойму просты. Бо ні адна з заходніх сталіц, якія ўдзельнічалі ў абмене, не палічыла для сябе прыярытэтам уключаць туды беларускіх палітвязняў. Умоўна кажучы, не было палітычнай волі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі