Рэдакцыі СМІ і БАЖ патрабуюць спыніць пераслед журналістаў
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і рэдакцыі СМІ выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі спыніць пераслед журналістаў і абмежаванне свабоды выказвання.
Як гаворыцца ў заяве, за два дні — 19 і 20 чэрвеня — падчас выканання прафесійных абавязкаў былі затрыманыя як мінімум 14 журналістаў. Як распавядала Еўрарадыё, 19 чэрвеня былі затрыманыя нашыя журналісты Марыя Вайтовіч і Арцём Маёраў.
"Прычым большасць з затрыманых мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад'явіць іх па патрабаванні, а таксама былі вельмі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі.
Некаторыя з затрыманых журналістаў, у прыватнасці Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў, былі збітыя падчас затрымання ў Ганцавічах. Прычым напады (складана падабраць іншае слова) супрацоўнікаў міліцыі на журналістаў часцяком адбываліся ў прамым эфіры, і парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі", — гаворыцца ў заяве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.