Рэпартаж з вуліцы Беларускай, якую перайменавалі ў Каліноўскага (ёсць нюанс)

Былая вуліца Беларуская ў Мукачаве, Украіна

Былая вуліца Беларуская ў Мукачаве, Украіна / Euroradio

Мукачава — невялікі горад на Захадзе Украіны. Адзін з некалькіх украінскіх гарадоў, у якіх больш няма вуліцы Беларуская — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яе перайменавалі ў вуліцу Кастуся Каліноўскага.

Еўрарадыё адправілася ў Мукачава, каб пагаварыць з жыхарамі гэтай вуліцы. Наша журналістка была гатовая сутыкнуцца з непрыязнасцю мясцовых жыхароў і на ўсялякі выпадак везла праз мяжу ўвесь арсенал аргументаў: ад лёгкага "але ж гэта не я ракеты запускаю" да цяжкай артылерыі "пра бітум".

І была крыху збянтэжаная, калі на былой вуліцы Беларускай ёй сказалі:

 — Спадарыня, чаму я павінен вас ненавідзець? Вы што, асабіста гэтыя ракеты запускаеце?

 

"У сэнсе — "Былая"? Білоруська яна і ёсць"

У Мукачаве амаль ніколі не гучаць сірэны, тут няма каменданцкай гадзіны, паміж горадам і вайной — горы. Гэта Закарпацце, гэта значыць, дзесьці побач па версіі прапаганды павінна быць логава самых страшных "украінскіх фашыстаў".

Цэнтр Мукачава выглядае як цэнтр любога еўрапейскага горада на 80 тыс. чалавек. На плошчы замест Леніна — помнік Свяціцелю Марціну Міласціваму, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Венгрыі, зусім побач з Мукачавам.

У помніку адлюстравалі вядомы эпізод з яго жыцця — Марцін адразае кавалак свайго плашча і аддае яго жабраку голаму чалавеку.

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Помнік Святому Марціну ў Мукачаве / Euroradio

Мяркуючы па картах, былая вуліца Беларуская знаходзіцца на самай ускраіне Мукачава. Бліжэй да яе віды горада трансфармуюцца з еўрапейскіх у пейзажы звычайнага беларускага райцэнтра. Каб падабенства было поўным, насустрач праносяцца два запрэжаныя коньмі вазы.

Каб падабенства было няпоўным, сярод вельмі беларускіх пейзажаў на гарызонце вырастаюць горы.

— Выбачайце, а дзе тут вуліца Каліноўскага? — спыняем мясцовых.

Мясцовыя паціскаюць плячыма. Вуліцу Беларускую мясцовыя ўлады перайменавалі яшчэ ў красавіку 2022 года. Гарадская Рада адрэагавала на зварот грамадзян і правяла дэрусіфікацыю заадно з дэбеларусізацыяй. І больш за год таму на мапах з'явілася шмат новых назваў. Але гугл-мапы чамусьці спакойна вядуць нас на вуліцу Biloruska.

— Выбачайце, а дзе тут вуліца Каліноўскага? — спыняем мужчыну з роварам.

— Якая?

— Ну, былая Беларуская вуліца.

— Што значыць — "былая"? — дзівіцца мужчына ў роварам. — Яна Білоруська і ёсць.

Цяпер здзіўляецца карэспандэнт Еўрарадыё.

— Дык жа ж перайменавалі.

— Перайменавалі? І як назвалі? Усе яе як называлі "Білоруська" так і называюць.

— А шыльда дзе-небудзь ёсць?

— Хадзем, пакажу.

Беларусам бы вельмі спадабаўся выгляд вуліцы Беларускай. Акуратныя заможныя домікі з разьбянымі ліштвамі хаваюцца за масіўнымі, але яркімі платамі. Фруктовыя сады, гул цыркуляркі — прыкладна пра такі "надзел" марылі героі коласаўскай "Новай Зямлі".

— А вас звязвае што-небудзь з Беларуссю? — пытаем мужчыну з роварам.

— Ну а як не звязвае. У мяне цётка ў Беларусі. Жонка мая з Расіі, з Кіраўскай вобласці. Так што сям'я ў нас змяшаная — беларусы, украінцы, расіяне.

Мукачава знаходзіцца за сотні кіламетраў ад лініі фронту, але наш суразмоўца кажа, што з горада многіх прызвалі. У яго сям'і таксама ёсць тыя, хто проста цяпер на фронце. Але са сваякамі-беларусамі пра гэта не размаўляюць.

— Дык, ну вось, глядзіце: так і напісана: вуліца Білоруська, — паказвае праважаты.

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Мукачава / Euroradio

А вы б хацелі, каб яе перайменавалі?

— Ды людзі ўжо прывыклі, што яна Білоруська.

 

"Расіянка 15 гадоў жыве ў суседнім доме і што, вы думаеце, я яе ненавіджу?”

На вуліцы Кастуся Каліноўскага толькі прыватныя дамы. Ні кавярні, ні крамы — нічога такога няма ні на самой вуліцы, ні на суседніх. Застаецца дзяжурыць ля дамоў, каб хоць з кімсьці пагаварыць.

О, добры дзень! Хачу Вас спытаць як жыхара вуліцы Каліноўскага…

— Якой?

У суседнім доме падымаецца ралета гаража, двое маладых людзей выганяюць матацыклы. Прадстаўляюся. Суразмоўцы мяркуюць, што я лепш зразумею іх, калі яны будуць размаўляць па-руску.

— Шаноўная, гэты горад, у якім вы знаходзіцеся — шматнацыянальнае месца. За сто гадоў тут змянілася чатыры сцягі. Тут жывуць людзі больш як васьмі розных нацыянальнасцяў, і ніхто нікому не перашкаджае, — распавядае Саша.

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Вуліца Каліноўскага з гарамі на гарызонце / Euroradio

А калі каментары ў фэйсбуку чытаеш, здаецца, што вы мяне выганіце з гэтай вуліцы, калі я пашпарт пакажу…

— Дык гэта фэйсбук, там пішуць розныя людзі з рознымі інтарэсамі. А нам не цікава пісаць у фэйсбуку. Нам цікава выжыць — знайсці, як заплаціць па рахунках, як забяспечыць сваю сям'ю... У звычайных людзей няма часу страчыць у фэйсбуку. І перайменаванне вуліц — не першая тэма для нас цяпер, — дадае сябар Сашы — Міша.

Слухайце, А да расійцаў вы таксама там спакойна ставіцеся? — пытаюся.

— Калі нармальны чалавек, то чаму не? Мая суседка, якая жыве побач больш за 20 гадоў — расіянка. Я што, павінен яе ненавідзець?

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Мукачава / Euroradio

"Хто вас ненавідзіць? Я? Ды вы што!”

Яшчэ адна адчайная спроба знайсці ў Мукачаве вуліцу Каліноўскага. Спыняем мясцовую жыхарку, каб задаць ёй пытанні, але пытанні задае яна:

— Выбачайце, я тут жыву, але спытаю ў вас: дык на якую вуліцу перайменавалі Білоруську?

На Кастуся Каліноўскага.

— Ну нічога сабе. Калі б у мяне хто-небудзь спытаў, дзе гэтая вуліца — я тут жыву ўсё жыццё, а мне 51 год — то я б і не сказала, дзе гэтая вуліца Каліноўскага. А дзе вуліца Беларуская я ведаю.

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Мукачава / Euroradio

Я думала, мне ўсе тут скажуць: ненавідзім гэтых беларусаў! Не хочам жыць на беларускай вуліцы!

— Ды вы што. Няўжо назва нешта мяняе? Няўжо яно ў чалавеку нешта мяняе? Добра, вуліца Леніна — хай яе пераназываюць.

Ненавідзім беларусаў? Хто — я? Ну, вы мяне здзівілі.

А ракеты?

— Ну ад простых жа людзей гэта не залежыць! Я — просты чалавек, я ведаю, што ад мяне не залежыць нічога.

Репортаж с улицы Белорусской, которую переименовали в Калиновского (есть нюанс)
Вакзал Мукачава / Euroeadio

"Магчыма, гэта звязана з тым, што ў мяне няма "Твітэра"?

Адзін з беларускіх добраахвотнікаў, з якім мы паразмаўлялі, ставіцца да суайчыннікаў з куды меншай памяркоўнасцю, чым жыхары вуліцы Беларуская ў Мукачаве. Спыняць ракеты яны сапраўды не могуць, але могуць, да прыкладу, не працаваць на ваенізаваных прадпрыемствах. Напрыклад, звольніцца з таго ж МЗКЦ, дзе вырабляюць шасі і цягачы, якія выкарыстоўваюцца не толькі на трактарах, але і на ваеннай тэхніцы.

А вось да перайменавання вуліц ён ставіцца практычна з той жа абыякавасцю, што і жыхары вуліцы Каліноўскага ў Мукачаве.

— Хай украінцы вырашаюць, на якіх вуліцах ім прыемна жыць. Было б добра, калі б пры перайменаванні вуліц беларускіх Украіну кансультаваў беларускі ж гісторык — ён мог бы падказаць добрыя назвы, імёны тых беларусаў, якія зрабілі нешта добрае для Украіны. Беларускі гісторык будзе ведаць пра гэта больш, чым украінскі.

Уласна, ніколі не чуў, што ўкраінцам непрыемна жыць на вуліцы беларускай — і не чуў, каб нехта чуў. Магчыма, у мяне няма "твітэра"?

І хоць вуліцы Беларускія зніклі не ва ўсіх украінскіх гарадах — у тым жа Львове і Кіеве яны не перайменаваныя дагэтуль стаўленне да беларусаў не ўсюды такое ж спакойна-добразычлівае, як у схаваным у гарах Мукачаве.

— Неяк пасля ранення я ляжаў у шпіталі з украінскім байцом. Наведаць яго прыйшла жонка — вельмі ціхая жанчына. Але пачуўшы, што я з Беларусі, яна не вытрымала: "Навошта вы гэта зрабілі? Навошта напалі? Вы такія ж, як рускія?”

Украінцы часта пазнаюць ува мне беларуса раней, чым я пра гэта кажу. Яны чуюць па вымове, што я не мясцовы. Але на мне форма ВСУ і вінтоўка, таму пытанні, што я тут раблю, мне не задаюць. І ставяцца добра. Звычайная рэакцыя — узгадаць, што хтосьці з родных нарадзіўся ў Беларусі ці жыў дзесьці на мяжы.

 

"Прасоўваць новыя назвы вуліц задача беларускай дыяспары, а не ўкраінцаў"

Рашэнне аб перайменаванні вуліц прымаюць мясцовыя ўлады. Ніякіх цэнтральных распараджэнняў з офіса прэзідэнта або кабінета міністраў няма.

— Так, Украіна пазбаўляецца ад савецкай спадчыны і савецкай Беларусі, але яна прызнае беларускіх герояў, якія аддаюць жыццё за свабоду. Мы шануем памяць гэтых герояў, паважаем іх, і ў іх гонар і далей будуць называцца вуліцы, — кажа Еўрарадыё эксперт Цэнтру процідзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў. — Вам хацелася б, каб украінцы ведалі імёны беларусаў, якімі названыя вуліцы? Гэта адказнасць беларускай дыяспары. Яны могуць сабе дазволіць зрабіць памятныя шыльды, да прыкладу. Гэта не задача ўкраінцаў — гэта ваша задача.

Беларуская валанцёрка Анісія Казлюк жыве ў Львове. Вуліца Беларуская ёсць і тут, і мясцовая адміністрацыя пакуль што яе не перайменавала. А ў беларускай дыяспары, кажа Анісія, цяпер так шмат праблем, што магчымасцяў для прапаганды сваіх дзеячаў сярод украінцаў пакуль проста няма.

— Мы не на самай высокай прыступцы піраміды Маслоo, — кажа Анісія. — У нас вялікія праблемы з легалізацыяй, а цяпер дадаліся яшчэ і праблемы з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі.

Наколькі я ведаю, ініцыятыва аб перайменаванні належыць фонду "Вольная Беларусь". Асабіста ў мяне яны не пыталіся, ці хачу я, каб "Беларускія" вуліцы перайменавалі.

Ці перашкаджае мне вуліца Беларуская ў Львове? Не. Думаю, у краіне, у якой ідзе вайна, ёсць шмат важных працэдур, якімі трэба займацца адміністрацыям гарадоў. А перайменаванне вуліц лёгка магло пачакаць да канца ваенных дзеянняў — тым больш, мы ўсе разумеем, што пасля заканчэння вайны будзе глабальнае перайменаванне вуліц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі