"Індэкс велікоднага куліча" — наш адказ Біг Маку!

25 гадоў таму "Індэкс Біг Мака" быў створаны як жарт часопіса The Economist. Але неўзабаве ён ператварыўся ў сур'ёзнае даследаванне, якое паказвае кошт нацыянальнай валюты адносна долара. Напярэдадні Вялікадня ў Беларусі ўсё больш папулярнай становіцца іншая страва — велікодны куліч, які прадаецца ва ўсіх крамах.

"Узнікла ідэя знайсці тавар, які прадаецца па ўсім свеце, і вельмі стандартызаваны. Біг Мак у гэтым плане добры. І ў самім "МакДональдсе" кошты ўсіх прадуктаў прывязаныя да Біг Мака. Па кошце Біг Мака можна ацаніць рэальны абменны курс", — гаворыць эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

"Чаму б не прыдумаць уласны "Індэкс куліча"?", — падумала Еўрарадыё. У Чалага адразу з'явіліся пярэчанні:

"Чаму менавіта "Індэкс Біг Мака" бярэцца? Таму што ён аднолькавы ва ўсіх краінах, а таксама структура выдаткаў на яго вытворчасць някепска адлюстроўвае шырокі спектр коштаў у гэтых краінах. Там арэнда, праца, камунальныя паслугі, сыравіна, мяса і булачкі. Таму ён дастаткова рэпрэзентатыўны".

Але велікодны куліч — таксама даволі змястоўная, а значыць — і рэпрэзентатыўная страва! Пра яго інгрэдыенты Еўрарадыё пацікавілася ў "Мінскхлебпраме":

"Маргарын, цукар, мука вышэйшага гатунку, яйкі, сухое малако, соль, дрожджы, разынкі".

Такім чынам з гэтых аднолькавых прадуктаў гатуюць куліч ва ўсіх краінах. Мы ўзялі кошты на велікодныя булкі ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы і Нямеччыне.

Наш куліч каштуе каля 9 тысяч беларускіх рублёў, польскі — 6 злотых, 15 грыўнаў — украінскі, 162 рублі — расійскі, 1,96 еўра — у Нямеччыне.

У выніку простых арыфметычных камбінацый атрымалася, што курс злотага — 1500 рублёў (1 122 па Нацбанку), грыўна каштуе 600 рублёў (382 рублі — курс афіцыйны), расійскі рубель атрымаўся 55 беларускіх (па Нацбанку — 109 рублёў), а еўра — 4590 рублёў (пры афіцыйным 4444).

З гэтага можна пабачыць тое, што курс нашай нацыянальнай валюты — завышаны, а ў Маскве завышаныя кошты. У Еўропе куліч проста не такі папулярны (на Вялікдзень ледзь не ў кожнай хаце выпякаюць уласныя булкі), ды і выдаткі на яго вытворчасць больш высокія.

Праграміст Google і пастаянны слухач Еўрарадыё Ігар Маханёк, які жыве ў Швейцарыі, кажа, што там падчас Вялікадня найбольш папулярныя шакаладныя зайцы і яйкі.

"Традыцыя, падаецца, ёсць. Нейкія там вырабы з хлеба прадаюцца. Бачу, што ў крамах прадаецца, вельмі такія расфарбаваныя яйкі і шакаладныя зайцы ў вялікай колькасці".

Праўда, заробкі у розных краінах таксама розныя. Адрозніваецца і пакупніцкая здольнасць. Менавіта таму для "Індэкса Біг Мака" прыдумалі папраўку.

"Швейцарскі банк UBS прыдумаў папраўку для "Індэкса Біг Мака". Яны палічылі, колькі трэба працаваць сярэдняму работніку, каб купіць сабе Біг Мак", — гаворыць Сяргей Чалы.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдні заробак у Беларусі складае 1 мільён 39 тысяч рублёў. Ва Украіне сярэдні заробак — 2315 грыўнаў, у Польшчы — 3633 злотыя, у Расіі — 21082 рублі, а ў Нямеччыне — прыблізна 3270 еўра.

Атрымоўваем, што на свой сярэдні заробак беларус можа набыць 115 кулічоў, украінец — 154, паляк — 605, расіянін — 130, а немец — 1 тысячу 668.

Паводле нормы працоўнага часу, усталяванай Мінпрацы і сацабароны для 5-дзённага працоўнага тыдня, за год сярэдні беларус працуе 2 тысячы 032 гадзіны. Гэта прыблізна 160 гадзінаў за месяц — 9600 хвілінаў. Адпаведна, сярэдні заробак за хвіліну ў Беларусі складае 108,23 рублі.

Таму беларусу, каб зарабіць на адзін велікодны куліч, трэба працаваць 1 гадзіну 23 хвіліны. Украінцу — 1 гадзіну 2 хвіліны, расіяніну — 1 гадзіну 13 хвілінаў, паляку — 16 хвілінаў, а немец заробіць на куліч ўсяго за 5 хвілінаў працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі