14 лютага ў сталіцы продажы кветак павялічыліся ў 3-4 разы (фота)

Дзень закаханых — адно з тых святаў, якое прыносіць асаблівую радасць гандлярам кветкамі. Еўрарадыё пацікавілася ў іх, наколькі павялічыліся продажы.
“Вядома. У параўнанні з мінулымі тыднямі — нашмат. У тры, у чатыры разы”, — распавядае гандлярка адной з кветкавых крамаў, што ў пераходзе ля вакзалу.
Тут прадаюць толькі беларускія кветкі, пераважна – ружы. Чарга — чалавек 10. А кошты здзіўляюць. Нядрэнную ружу можна набыць нават за 5 тысяч. Самую вялікую, вышынёй адзін метр, за 15 тысяч. Побач з крамай дзяржаўнага прадпрыемства “Дарорс” — прыватная з галандскімі ружамі. Ад каментарыяў там адмаўляюцца — спасылаюцца на камерцыйную таямніцу. Кошты на кветкі у 3-4 разы вышэйшыя. Адзін маленькі цюльпан каштуе 30 тысяч.
Дарэчы, у пераходзе да чыгуначнага вакзала ў Мінску ажно некалькі крамаў з беларускімі ружамі. Чэргі – ля кожнай. Прадаўцы кажуць, што на святы беларускія мужчыны звычайна набываюць чырвоныя альбо белыя ружы. А іх колькасць у букеце можа дасягаць нават 15 штук.
Прадаўцы: “Дзень маці, 8 сакавіка, Дзень закаханых, 1 верасня. Ружы часцей набываюць. Бардовыя альбо белыя. Па 5, 7, 15 у букеце”.
У гандляроў замежнымі кветкамі ажыятажу няма — агулам некалькі пакупнікоў. Яны набываюць па 3-5 кветак. Каштуюць яны як 15 беларускіх. Затое прастаяць даўжэй, запэўніваюць гандляры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі