2011-ы: Год-бунт, бязлітасны і бессэнсоўны

111229 Sviardlou Svet.mp3

Безумоўна, 2011 год прайшоў пад знакам “каляровых” рэвалюцый на Блізкім усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. Усё пачалося ў Тунісе, яшчэ пры канцы 2010-га. Праз 3 тыдні масавых беспарадкаў, 14 студзеня 2011 года, прэзідэнт Туніса Бен Алі сышоў у адстаўку і збег з краіны.

Але вірус вулічных рэвалюцый апынуўся вельмі заразлівы. Ужо 4 лютага на галоўную каірскую плошчу Тахрыр выйшаў 1 мільён чалавек. Яны патрабавалі змены ўлады ў Егіпце — і ўжо 11 лютага Хосні Мубарак склаў свае паўнамоцтвы. Праз нейкі час “арабская вясна” захіснула Сірыю, Судан, Іран і Лівію, апафеозам паўстання ў якой стала забойства палкоўніка Муамара Кадафі.

У свой час лівійскі лідар наведаў Беларусь і нават пасябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам супраць ЗША. Заходняя прэса шмат пісала пра тое, што Кадафі можа схавацца ў Беларусі ад паўстанцаў. У дзень забойства Кадафі Еўрарадыё запыталася пра магчымы ўплыў “арабскай вясны” на Беларусь у палітолага Сяргея Богдана:

“Я думаю, што для Аляксандра Лукашэнкі лівійская гісторыя была вялікім шокам, бо ён некалькі разоў хваліўся тым, што нас Расія і Кітай бяруць пад крыло і абараняюць. А Лівію не абаранілі, хаця Лівія і для Расіі і для Кітая значыць прынамсі не менш, чым Беларусь. Па тым як афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі асвятлялі падзеі ў Лівіі, адчувалася, што людзі сапраўды былі ў шоку. Але разам з тым не трэба перабольшваць сяброўства паміж Лукашэнка і Кадафі. Яны былі занадта розныя людзі і я не думаю, што гэта былі сапраўды больш-менш сяброўскія адносіны, у адрозненні, скажам, ад Чавеса. Кадафі быў занадта апантаны чалавек і апантаны не ў той бок, які быў бы зразумелы Аляксандру Лукашэнку. Для Лукашэнкі Кадафі быў занадта іншапланетным. Таму шок быў тады, калі пачаліся падзеі. Наўрад ці кіраўнік Беларусі так ужо атаясамлівае сябе з гэтым рэгіёнам. Беларусь – хоць і ўсходняя, але ж Еўропа. Я не магу сабе ўявіць, каб штосьці падобнае магло адбывацца ў Беларусі. Думаю, Аляксандр Лукашэнка таксама не можа сабе гэтага ўявіць”.

Акрамя Кадафі і згаданых раней Бен Алі з Мубаракам, якога цяпер судзяць, быў зрынуты Гбагбо, дыктатар з Кот’д’Івуару, а прэзідэнт Емена Алі Салех і Фідэль Кастра самі адмовіліся ад улады. Вагаецца трон пад сірыйскім лідарам Башарам Асадам. А 17 снежня памёр Кім Чэн Ір. Кіраўніка Паўночнай Карэі падвяло сэрца. Масавы сыход дыктатараў — таксама адзін з трэндаў 2011 года.

Але бунтавалі людзі не толькі ў “трэцім” свеце. Гучней за ўсё пратэсты выбухнулі на Уолл-стрыт — вуліцы, дзе месціцца галоўная гандлёвая пляцоўка планеты, Нью-Ёркская фондавая біржа. Масавыя акцыі пратэсту супраць міжнароднай палітыкі ў фінансавай сферы прайшлі ў 82 краінах свету. Імі была ахоплена больш як 1 тысяча гарадоў.

Масавыя хваляванні падсілкоўваў эканамічны крызіс, у які пагрузілася Еўразона. Насельніцтва Партугаліі і Грэцыі настолькі актыўна “разгойдвалі лодку” Еўрасаюза, што пачалі казаць пра магчымы выхад гэтых краінаў з ЕС, а ў Францыі і ў Італіі загучалі асобныя галасы пра скасаванне Шэнгенскай дамовы.

 “Сцэнарыяў можа быць два: або еўразона увогуле знікае, або адбываецца пэўная трансфармацыя. У зоне еўра можа застацца шэраг краін Паўночнай Еўропы, а краіны Усходняй і Паўднёвай Еўропы зноў могуць вярнуцца да сваіх нацыянальных валют. У тых краінах, якія застануцца ў еўразоне, магчыма, узнікне яшчэ шчыльнейшая інтэграцыя і супрацоўніцтва у сферы не толькі грашовай, але і фіскальнай палітыкі. Бюджэты гэтых краін будуць больш узаемапрымальныя, больш кантралюемыя праз агульныя ўстановы Еўрасаюзу”, — каментуе сітуацыю для Еўрарадыё палітолаг Алег Лагвінец.

Неспакойна стала і ў дагэтуль самых ціхіх краінах Старога свету. Здавалася б, што можа здарыцца ў Нарвегіі? Але ніадкуль з’яўляецца тэрарыст-адзіночка Андрэас Брэйвік і ладзіць выбух у канцылярыі прэм’ер-міністра, а пасля расстрэльвае 77 чалавек на востраве Утой. Такім чынам тэрарыст, якога медыкі пазней прызналі вар’ятам, хацеў прыцягнуць увагу да неабходнасці выратаваць мультыкультурную Еўропу ад ісламскай навалы. Але Еўропа толькі спужалася ўчынку Брэйвіка і згубіла рэшткі спакою.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі