500 долараў у калгасах мае кіраўнік і камбайнёры падчас уборачнай
Даярка ў калгасе зарабляе толькі палову ад 500 баксаў. Аграному з вышэйшай адукацыяй плацяць 180 долараў.
“Хто ж вам у сельскай гаспадарцы такія заробкі дасць”, - адразу адказваюць ў калгасе “Хоцічы” Брэсцкай вобласці, калі пытаюся пра абяцаныя 500 долараў.
Апошні раз заробкі тут падымалі два месяцы таму. Цяпер сярэдні – 2 мільёны рублеў.
“Так, моцна мы наблізіліся да 500 долараў… У нас сярэдні - 1,5 мільёны. Толькі ў кіраўніка было 5 мільёнаў”, - тлумачаць у бухгалтэрыі калгасу “Хоцічы”.
У канцы ліпеня губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар абяцае кіраўніку краіны падняць заробак да 480 долараў па вобласці да канца года. Але 1,5 мільёна – гэта менш за палову ад гэтай сумы.
Даярка з калгасу “Дружылавічы” на Брэстчыне можа зарабіць максімум – каля 2 мільёнаў рублёў. І толькі падчас уборачнай і на шкоднай вытворчасці можна напрацаваць на абяцаныя губернатарам 480 долараў, супакойваюць Еўрарадыё ў бухгалтэрыі гэтага калгасу.
Але, можа, спецыялістам даюць больш…. Знаходзім абвестку ў інтэрнэце і спрабуем уладкавацца аграномам у гаспадарку “Пакроўскі”. Агранома тут шукаюць ужо два гады.
“У нас ёсць галоўны аграном. Нам патрэбны аграном-хімік. Жылля няма, аплата – 1,5 мільёна за месяц”, - “спакушаюць” у гаспадарцы.
І яшчэ пытаюцца пра вышэйшую адукацыю! Кажаце 480 долараў? Столькі зарабляюць хіба падчас уборачнай. Камбайнёр-трактарыст з гаспадаркі “Горбаха-Агра” за апошні месяц намалаціў на 6 мільёнаў рублёў.
“У гэтым годзе нармальна ў нас павыходзіла. Вось я намалаціў каля 800 тон і атрымаў каля 6 мільёнаў. Праўда, узімку столькі не заробіш, каля 3 мільёнаў рублёў дзесьці можна”, - расказвае Аляксандр Картоз.
Грошы камбайнёр яшчэ не патраціў, бо копіць на машыну.
Былы галоўны інжынер калгасу “Полыва” у Віцебскай вобласці, Дзмітрый прыехаў у гаспадарку па размеркаванні пасля ўнівера. Працаваў адразу на… пяці пасадах, праўда, толькі з адным заробкам.
“Галоўны інжынер, інжынер па тэхніцы бяспекі, запраўшчык, кладаўшчык і загадчык гаража. Плацілі адну стаўку, хаця, працоўны дзень 12 гадзін можа быць. А з красавіка па кастрычнік няма выходных. Я пытаўся пра трайны заробак. Адказвалі – не дуры галавы”, - кажа Дзмітрый.
У калгасе плацілі каля 300 долараў. Спачатку Дзмітрый здымаў жыллё, праз паўгода далі дом.
У выніку Дзмітрый вярнуўся з калгасу праз два гады адпрацоўкі. Дарэчы, з дзесяці калгасаў Брэстчыны, толькі ў двух Еўрарадыё назвалі блізкія да 480 долараў заробкі. І тое, толькі падчас уборачнай у камбайнёраў ды механізатараў ці ў старшыні калгаса.
Фота: gorkiv.by