54 кандыдаты ідуць з праграмай, якая абяцае 1 тысячу долараў заробку

Распрацоўваць так званую “Народную праграму” эксперты розных галін ды палітыкі пачалі ў 2010 годзе. У 2011 над ёй працавалі найбольш актыўна. А парламенцкія выбары-2012 далі магчымасць стваральнікам данесці сваю праграму да людзей. Панясуць яе ўзгаданыя 54 кандыдаты — 33 ад Партыі БНФ і 21 незалежны, тлумачыць намеснік кіраўніка кампаніі “За свабоду” Юрась Губарэвіч.


Ёсць у праграме прапановы і па рэформе пенсійнай сістэмы, і па дэмаграфічнай ды жыллёвай палітыцы, адукацыі, свабодзе слова, прыватызацыі ды мадэрнізацыі. Карацей, шмат чаго. Але што з гэтымі прапановамі будуць рабіць у парламенце тыя, хто туды патрапіць, не ведае нават адзін з кандыдатаў, што з ёй ідзе “ў народ”, Уладзімір Навасяд.


Уладзімір Навасяд: “Той, хто пройдзе ў парламент, альбо той, хто заявіць пра свае амбіцыі там, патрапіўшы туды незаўважаным дэмакратычнай супольнасцю, каб ён мог абапірацца на нейкі дакумент праграмны, на нейкую экспертную супольнасць, якія б дапамагалі яму арыентавацца ў тым гушчары, пад назвай Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага схода”.



Нават далёкія ад эканомікі тэмы ў прэзентаванай праграме ўсё ж завязаныя на рэформы ў гэтай галіне. Тыя ж адукацыя, дэмаграфія ці пенсійная рэформа. Еўрарадыё цікавіцца ў эканаміста Сяргея Чалага, што чакае нашу стабільную сацыяльна арыентаваную эканоміку, калі ўлада возьме “Народную праграму” да выканання. Тым больш што светлай будучыні ў сённяшняй эканамічнай мадэлі Беларусі эксперт не бачыць.


Сяргей Чалы: “Не да наступных прэзідэнцкіх выбараў, але цалкам магчыма, што ўжо да выбараў праз адны дзеючай уладзе можна было б прыходзіць з дасягненнямі, аналагічнымі тым, якія яны планавалі падчас 4 Усебеларускага схода. Гэта — і 1 тысяча заробку, і 60-адсоткавы эканамічны рост за пяцігодку. Гэта абсалютна рэальныя рэчы”.



Пранясуць кандыдаты “Народную праграму” ў Авальную залу беларускага парламента ці не, яе стваральнікі прадказваць не бяруцца. Але ўпэўненыя, што пасля выбараў яна не толькі працягне сваё жыццё — здолее аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы! Самае дзіўнае, што стваральнікі праграмы насамрэч гэтага не выключаюць. Бо, сцвярджае намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, супярэчнасцяў паміж рознымі апазіцыйнымі структурамі насамрэч няма.


Ігар Лялькоў: “Народная праграма” можа стаць такім дакументам, які можа не супярэчыць праграмным палажэнням розных арганізацый. Пад якім яны змогуць паставіць свой подпіс, якая будзе агульнай платформай для дзейнасці на паслявыбарны перыяд. Я думаю, што такое аб’яднанне цалкам рэальнае”.



То можа з гэтай “народнапраграмаўскай платформы” дэмсілы ўжо плануюць стартануць у прэзідэнцкія выбары 2015 года? — цікавіцца Еўрарадыё. Юрась Губарэвіч асцярожны ў адказе.


Юрась Губарэвіч: “Мусіць быць прызнаны ўсімі механізм выхаду на адзінага кандыдата, мусіць быць кола асобаў, якія могуць прэтэндаваць на такую ролю, і мусіць быць пасланне. Мы хацелі б, каб тыя напрацоўкі, якія ёсць у кампаніі “Народная праграма”, былі выкарыстаныя такім адзіным кандыдатам ад апазіцыі”.



Праца над “Народнай праграмай” працягваецца і зараз. На адмысловым сайце кожны жадаючы можа пакінуць сваё “экспертнае” меркаванне. Але асабліва чакаюць стваральнікі далучэння да дыскусіі прадстаўнікоў улады, дзеліцца сябра каардынацыйнай рады кампаніі “Народная праграма” Алесь Лагвінец. Галоўны праўладны палітолаг Вадзім Гігін там ужо адзначыўся самастойна, а тэкст старшыні парламента Уладзіміра Андрэйчанкі “праграмісты” перавесілі на свой сайт самі. І распачалі па ім “дыскусію”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі