Абама: "Мы будзем ціснуць на беларускія ўлады столькі, колькі магчыма"
Падчас двухдзённага візіту Барака Абамы ў Варшаву абмяркоўвалася беларускае пытанне і справа Анджэя Пачобута.
Амерыканскім гімнам у суботу 28 траўня прывіталі ў Польшчы амерыканскага прэзідэнта Барака Абаму. Афіцыйная прывітальная цырымонія чамусьці адбылася не ў першы, а ў другі дзень візіта Абамы, які прыляцеў у польскую сталіцу 27 траўня ўвечары. Тады ж адбыўся і ўрачысты абед, дзе за круглым сталом і зачыненымі дзвярыма амерыканскі прэзідэнт размаўляў з кіраўнікамі 20 краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія з’ехаліся ў Варшаву на саміт.
Пасля абеда Барак Абама, польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і кіраўнік Украіны Віктар Януковіч нечакана правялі сустрэчу, пра якую вядома толькі тое, што на ёй абмяркоўвалася пытанне еўрапейскай будучыні Украіны.
Беларусь жа ў Варшаве ўспаміналі ў асноўным на другі дзень, у суботу. Польскі і амерыканскі прэзідэнты чарговы раз асудзілі дзеянні беларускіх уладаў, а Абама нават сказаў, што з-за сітуацыі ў нашай краіне, увесь рэгіён адчувае сябе небяспечна. Аднак найбольш увагі гэтая тэма атрымала падчас сустрэчы з польскім прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Барак Абама паабяцаў не забываць пра Беларусь.
Барак Абама: “У нас была вельмі разгорнутая размова. Мы абодва пагадзіліся, што мы павінны аказаць столькі ціску на Беларусь, колькі магчыма, каб змяніць палітыку ўладаў.І для гэтага спатрэбіцца шчыльная каардынацыя дзеянняў паміж ЗША і Польшчай, а таксама паміж ЗША і усёй Еўропай. Я думаю, Польшча мае выключны шанец паказаць сваё лідэрства па гэтым пытанні падчас старшынства ў Еўрасаюзе.”
Не пакінуць беларусаў у нядолі паабяцаў і польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск. Туск таксама адзначыў, што ягонае бачанне вырашэння беларускага пытанні супадае з поглядамі Барака Абамы на 100%.
Дональд Туск: “Такія дыктатуры, якую сёння ўяўляе рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, не маюць будучыні. Мы, і Польшча і ЗША, будзем амбітна вызначаць такі шлях міжнароднай грамадскай думкі, каб беларускі народ не мусіў занадта шмат і занадта доўга плаціць за дзеянні ўладаў. Я таксама паінфармаваў амерыканскага прэзідэнта, якім чынам мы інтэрпрэтуем гаспадарчую сітуацыю ў Беларусі”.
Барак Абама сказаў, што ведае і пра гродзенскага журналіста польскай Газеты выборчай Анджэя Пачобута. Гэтую тэму падчас візіту ўздымалі і польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і прэм’ер-міністр Дональд Туск.
Барак Абама: “Прэзідэнт Лукашэнка паказаў поўную непашану дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства закону і чалавечых правоў сваіх уласных грамадзянаў. Яго брутальныя паводзіны ўключалі пераслед і вынясенне судовых прысудаў кандыдатам, якія змагаліся ў прэзідэнцкіх выбарах. А таксама рэпрэсіі і арышт прадстаўнікоў незалежнай прэсы, у тым ліку аднаго польскага журналіста. З таго часу, як гэты рэгрэс пачаўся ЗША і Польшча каардынуюць свае дзеянні па пытанні Беларусі, як у двухбаковым фармаце, так і праз Еўрасаюз”.
На думку Барака Абамы, краіны, якія сёння змагаюцца з дыктатарскімі рэжымамі, павінны выкарыстаць польскі досвед дэмакратызацыі. Польскі і амерыканскі бакі абавязаліся дапамагаць Беларусі на шляху на дэмакратыі. Слова “дэмакратыя” ўвогуле гучала вельмі шмат разоў падчас візіту амерыканскага прэзідэнта, а вось у чым будзе выражацца замежная дапамога нашай краіне, так і засталося незразумелым.
Па іншых пытаннях, незвязаных з нашай краінай, ніякіх канкрэтных рашэнняў падчас візіта Барака Абамы таксама не было прынята. Барак Абама хваліў польскую дэмакратыю, падкрэсліваў важнасць польска-амерыканскіх саюзніцкіх адносінаў, казаў пра імкненне да добрых стасункаў з Расіяй, шмат усміхаўся і энергічна ціснуў рукі ўсім, з кім сустракаўся.