Абвінавачаных у справе забойства дзяўчыны ў Будславе няма
А тэрмін правядзення папярэдняга следства можа быць падоўжаны.
Пра гэта “Нашай Ніве” паведаміў следчы Мядзельскай пракуратуры Іван Малафей. Па яго словах, прызначаныя шматлікія экспертызы, што вымагае шмат часу. Адведзеных па законе двух месяцаў можа быць недастаткова.
Следчы не паведаміў, ці давалі затрыманыя па справе прызнальныя паказанні і спаслаўся на таямніцу следства. Але сказаў, што на іх вопратцы была знойдзены кроў, што і стала падставай для надання ім статусу падазраваных.
25-гадовую дзяўчыну зарэзалі ў ноч з 8 на 9 снежня ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманая мясцовая сямейная пара. Крымінальная справа заведзеная па артыкуле 139, ч.2, п.6 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю). Затрыманым пагражае ад 8 гадоў пазбаўлення волі да смяротнага пакарання.