Адкрыццё першага гіпермаркета ў Віцебску прайшло з ажыятажам

Відаць, разгубіўшыся ад такой колькасці кліентаў, вядучая адразу ж агаварылася, назваўшы прысутных мінчанамі:

“Паважаныя жыхары горада Мінска, нашы госці, калегі! Віцебск? Мінск да вас прыехаў у госці. Тады дубль нумар два. Паважаныя жыхары любімага горада Віцебска, дарагія нашы калегі, партнёры! Сёння, 27 кастрычніка 2011 года мы сабраліся з нагоды вельмі важнай і значнай для нас падзеі".

Новая крама “Карона” размясцілася на выездзе з горада. Вакол яе няма вялікіх забудоў. Замест іх прыватны сектар. Ці будуць людзі з іншых раёнаў горада ездзіць у далёкі гіпермаркет — невядома. Там не менш, мэр Віцебска лічыць яго адкрыццё значнай падзеяй.

“Шаноўныя землякі, сёння сапраўды вельмі значная падзея ў жыцці нашага горада. І напэўна, нездарма наша вядучая сёння памылілася, назваўшы нас мінчанамі. Гэта сведчыць пра тое, што сёння і аблічча горада, і такіх цудоўных гандлёвых цэнтраў адпавядае ўжо мінскаму варыянту”, — заявіў Віктар Нікалайкін.

Вялікія выгоды ад новай крамы былі паабяцаны бюджэту горада і вобласці.

“Карона – гэта не толькі шматмільярдныя інвестыцыі. Гэта стварэнне новых працоўных месцаў, — распавёў прадстаўнік прадпрыемства. — 850 чалавек тут будуць працаваць. І ўжо працуюць каля 800 чалавек.  Гэта стабільныя, вялікія, пастаянныя падаткі ў горад і вобласць”.

І зноў на адкрыцці значнага гандлёвага аб’екта чамусьці не прысутнічаў старшыня абласнога выканаўчага камітэту Аляксандр Косінец.

Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, народ, не чакаючы дадатковай каманды, літаральна ірвануў у дзверы новай крамы. На ўваходзе ўтварыліся заторы. Але дзякуючы вялікай колькасці уваходных дзвярэй, прыціснутых ці затаптаных не было. Тым не менш, супраць людской плыні не наважыўся ісці ніхто.


У дзень адкрыцця зніжак на тавары ў “Кароне” не было. Некаторыя кошты былі нават вышэйшымі, чым можна знайсці ў іншых крамах горада. Відаць таму ахова гіпермаркета вельмі неахвотна дазволіла журналістам праводзіць здымкі ўнутры памяшкання. А пакупнікі, што з такім імпэтам імкнуліся забегчы ў краму, даволі хутка пакідалі яе. Часам наогул без пакупак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі