Адменены канцэрт Лявона Вольскага ў “Арт Сядзібе”
Само новае памяшканне творчай пляцоўкі па праспекце Пушкіна, 28а ў Мінску апячатанае. У канцэрце таксама павінен быў браць удзел саксафаніст Павел Аракелян.
За дзень да імпрэзы супрацоўнікі Міністэртва па надзвычайных сітуацыях закрылі гэтае памяшканне. Арт-дырэктар “Арт Сядзібы” Павел Белавус распавёў Радыё Свабода, што ўладальніка памяшкання 27 верасня выклікалі і ў яго прысутнасці апячаталі дзверы.
Спадар Белавус лічыць, што ўлады такім чынам адрэагавалі на анонс імпрэзы, зроблены на сайце generation.by. Уладальнік памяшкання ўжо разарваў дамову з “Арт Сядзібай” і яна спыніла сваю працу, не паспеўшы адчыніцца.
“Арт Сядзіба” — не палітычны праект, а цалкам культурна-асветніцкі. Але беларуская мова і актыўнасць удзельнікаў праекту выклікаюць пэўны страх, лічыць Павел Белавус.