Адвакат Ірыны Халіп паспрабуе вярнуць сабе ліцэнзію праз суд

Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій чатырох адвакатаў: Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву. Тоўсцік і Гараева – былыя адвакаты Ірыны Халіп, а Агееў – адвакат Алеся Міхалевіча, Тацяна Агеева – яго маці.

Адвакатаў Халіп мінюст пазбавіў ліцэнзій за адмову абараняць Ірыну. Уладзімір Тоўсцік з такой пастаноўкай пытання не згодны.

"Адмовы з майго боку абараняць Ірыну Халіп ніколі не было, і быць не магло. Яна напісала ўласнаручна заяву, пры гэтым мяне, як належыць па дзеючым заканадаўстве, не выклікалі, каб прыняць адмову ва ўсталяваным парадку ў маёй прысутнасці. Запрасілі дзяжурнага адваката. Мне паведамілі задім чыслом. Адмова, наколькі мне вядома, не буду казаць аб крыніцах, была вымушаная".

Бацька Ірыны Ўладзімір Халіп таксама не разумее гэтага рашэння чыноўнікаў ад юстыцыі. Тоўсцік не адмаўляўся весці справу, кажа ён.

"Мяне ўвогуле здзівіла гэтая гісторыя. Таму што ўсе дзеянні міністэрства выглядаюць проста абсурднымі. Чаго яны раптам усхваляваліся? Адкуль у іх такія звесткі? Найперш, напэўна трэба было папытаць іх кліентаў, як гэта адбывалася. А потым выносіць нейкія рашэнні. Гэтае рашэнне абсалютна беспадстаўнае. Тоўсцік ніколі не адмаўляўся весці справу маёй дачкі!"

Уладзімір Тоўсцік падае скаргу на рашэнне Міністэрства юстыцыі ў Генеральную пракуратуру.

"Пасля 27 чысла, пра якое ідзе гаворка, нібыта калі я адмовіўся абараняць, я накіраваў скаргі ў Генпракуратуру, у СУПР ГУУС Мінгарвыканкама. А таксама накіроўваліся хадайніцтвы на змяненне меры стрымання ў дачыненні да Ірыны, а гэтак жа скарга ў суд на змяненне меры стрымання. Таму казаць аб тым, што я адмовіўся, прадпрымаючы афіцыйныя дзеянні, якія афіцыйна зарэгістраваныя як мінімум у выходнай карэспандэнцыі юрыдычнай кансультацыі, не ўяўляецца магчымым".

Згодна з інфармацыяй, якой валодае Еўрарадыё, Ірына Халіп была вымушаная сама з невядомых прычынаў адмовіцца ад адваката. Перад тым, як перавесці журналістку з ізалятара пад хатні арышт, з яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні, у тым ліку, і гэтых звестак. Але мінюст, кажа Ўладзімір Халіп, мог бы і пацікавіцца, што адбылося насамрэч.

"Міністэрству варта было б пацікавіца тым, як робіцца ўсё ў гэтай краіне. Што здарылася з адвакатамі, чаму яны былі паўзбаўленыя магчымасці выконваць свае абавязкі. Вось гэта чамусці міністэрства не цікавіць".

Калі з афіцынай прычынай пазбаўлення ліцэнзіі Тоўсціка ўсё зразумела, дык з адвакатам Міхалевіча такой яснасці няма.

Што азначаюць грубыя парушэнні парадку афармлення пагадненняў на аказанне юрыдычнай дапамогі, перашкоды ліцэнзуючым органам у правядзенні мерапрыемстваў па кантролю за выкананнем заканадаўства, якое выразілася ў прадстаўленні недакладных звестак. У Мінюсце Еўрарадыё не змаглі патлумачыць.

"Гэта дэталі, якіх тут быць не можа. Яны ў адпаведных дакументах".

Сам адвакат Агееў не каментуе сітуацыю, бо яшчэ не разумее яе прычынаў і не атрымаў афіцыйных дакументаў.

"Я пісьмовых паведамленняў ніякіх яшчэ не атрымоўваў. Мне самому цікава, што стала падставай".

Жонка Міхалевіча Мілана ўжо пачала пошук іншага адваката, разглядаецца варыянт з прыцягненнем адваката з Літвы, але пакуль дамова ні з кім не падпісаная.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі