Адзін кандыдат уздыхаў на ўсю краіну, другі палохаў экспансіяй Расіі

На тэлеканале "Беларусь-2" прамаўлялі тыя з іх, што балатуюцца ў Аўтазаводскай выбарчай акрузе № 92 у Мінску. Генерал Валерый Фралоў, вылучаны ад БСДП (Грамада), запомніўся крытыкай прыхільнікаў байкоту выбараў. Пра сваю партыю ён, дарэчы, не згадаў.


Прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Павел Рачалоўскі (дырэктар фірмы "Лэнд майстар") неаднаразова запінаўся і нават маўчаў, яго ўздыхі пачула ўся краіна. Між іншым, ён назваў сябе патрыётам і прызнаўся, што мэтай жыцця бачыць дапамогу людзям.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — адзіны, хто гаварыў па-беларуску. Ён казаў пра небяспеку "эканамічнай экспансіі Расіі", якая адбываецца "са згоды цяперашніх беларускіх улад" ды агучыў прапановы партыі па выхадзе з гэтай сітуацыі. Гэта і прымірэнне з Захадам, і выхад з усіх інтэграцыйных аб'яднанняў з Расіяй. "Трэба, каб лёс Беларусі вырашаўся ў Мінску, а не ў Маскве ці Бруселі", — сказаў ён.

Таксама Янукевіч падкрэсліў, што Партыя БНФ выступае за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. У канцы сваёй прамовы Аляксей Янукевіч заявіў, што "выбары нельга лічыць свабоднымі", бо ў краіне ёсць палітвязні і "няма кантролю за падлікамі галасоў".

Старшыня прафкаму МАЗа Сяргей Дудкін (будучы дэпутат Палаты прадстаўнікоў па версіі Еўрарадыё) выступаў з грунтоўнай, добра падрыхтаванай прамовай. У адрозненне ад іншых кандыдатаў, ён шмат гаварыў пра сацыяльныя праблемы ды абяцаў, што "не адзін зварот чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, не застанецца без адказу".

Яшчэ адзін кандыдат у гэтай выбарчай акрузе, намеснік галоўнага інжынера аўтапарку №6 Пётр Жолнер чамусьці ў тэлеэфіры не выступаў.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі