Ахвярам выбуху ў мінскім метро заплацілі тройчы
Пацярпелыя падчас тэракту кажуць, што атрымалі кампенсацыі без праблем. Што праўда, не заўжды выплат хапала на тое, каб паправіць здароўе.
120206 Svjardlou Kampensacija.mp3
“Яны самі мяне знайшлі. Патэлефанавалі і сказалі, што мне трэба прыехаць туды-та, там адкрыць рахунак, і грошы будуць пералічаныя, — распавядае Людміла, адна з пацярпелых у тэракце. — Ці то паліклініка ім накіроўвала нейкія сігналы, ці то пракуратура, дзе здымалі паказанні. Якім чынам гэта адбывалася, я нават не ведаю”.
Як і іншыя пацярпелыя, Людміла атрымала кампенсацыю трыма часткамі. Дзве з іх — з Мінгарвыканкама, трэцяя — ад страхавой кампаніі.
“Я атрымала дапамогу ў 1 мільён 50 тысяч. А пасля была яшчэ адна выплата ад Мінгарвыканкама — 700 тысяч”, — дадае пацярпелая.
“Мне некалькі разоў тэлефанавалі, прасілі прыйсці, каб скласці, каб падпісаць дакументы. Я адчувала ўвагу з усіх бакоў! Першая сума была каля 2 мільёнаў. Усяго ж я атрымлівала кампенсацыю ў тры прыёмы. Апошнія грошы, здаецца, у студзені. Прынамсі, ужо зімой”, — распавядае Маргарыта, якая таксама была на станцыі метро “Кастрычніцкая” падчас выбуху.
Без праблем атрымалі грошы тыя, хто адразу пагадзіўся на кампенсацыю, прапанаваную Мінгарвыканкамам.
“Медыцынскі агляд, рэабілітацыя, дзве грашовыя выплаты: 800 тысяч і 1 мільён, тры разы прыносілі фрукты і прапанавалі пуцёўку ў санаторый”, — сцісла распавядае пра тое, чым дапамагла дзяржава пасля тэракту, сястра адной з пацярпелых. Тая памерам кампенсацыі незадаволеная. Але — што зробіш — грошы ўзяла.
Інэса Крутая, якой выбухам пашкодзіла нагу, а ў воку засеў 2-міліметровы аскепак, не атрымала ад дзяржавы ні рубля. Ад прапанаваных грошай жанчына адмовілася, бо зразумела, што лячэнне будзе каштаваць нашмат даражэй.
“Быў траўмаваны сустаў у калене. Хірургі ў паліклініцы сказалі, што з іх гледзішча, усё ўжо добра. Хаця мяне яшчэ турбавала тады, што сустаў рыпіць, і нага трымаецца нетрывала. Але прайшоў час, і стала значна лепш. На нагу не было нагрузкі… А вось апошнім часам, пасля таго, як пасадзілі бацьку, нагрузка ёсць. Даводзіцца шмат хадзіць, тыя ж перадачы вазіць… І сустаў зноў пачаў нагадваць пра сябе”, — скардзіцца Інэса.
Пасля выбуху жанчына не ходзіць без мыліц. Кажа, што часам ледзь дабіраецца дадому. Сапраўдныя выпрабаванні для яе — лесвіцы ў метро, хаця, псіхалагічных праблем пры карыстанні мінскай падземкай яна не адчувае. Становішча Інэсы ўскладняецца тым, што напрыканцы года пачаліся праблемы з параненым вокам.
Інэса Крутая: “Я паглядзела ў інтэрнэце, колькі ўсё гэта каштуе. І высветліла непрыемныя падрабязнасці: у маскоўскай клініцы добрыя лінзы з аперацыяй і з усім астатнім каштуюць 2700 долараў. А тут мне некалі прапанавалі беларускія лінзы за 2 мільёны. Ды толькі самі ж дактары і адгаварылі па сакрэце”.
Зараз сям’я Інэсы знаходзіцца ў цяжкім становішчы.
“Жывем на маю пенсію інваліда з анкалагічным захворваннем. 900 тысяч рублёў, з якіх мы і квартплату аплачваем, і ўсё астатняе. Хіба можна на гэтыя грошы дазволіць лячэнне”, — распавядае Еўрарадыё Надзея Пятроўна, маці Інэсы Крутой.
Днямі Інэса атрымала прапанову на кароткатэрміновае лячэнне за мяжой. Але, ці здолее ёй скарыстацца — сказаць складана, бо нават зборы ў паездку вымагаюць істотных выдаткаў. Ёсць і яшчэ адна праблема, якая перашкаджае ад’езду: гэта кот, які жыве ў кватэры.
“Вы б прыстроілі куды-небудзь нашага ката… Чорны, малады, добры кот. Інэсе ўжо цяжка яго даглядаць. Бо ён хоча, каб з ім гуляліся. Вельмі рухавы, баявы. А як мы будзем з ім гуляцца, калі мы хворыя… Ды яшчэ і ежу яму трэба купляць… Дапамажыце, калі ласка!”