Ахвяраў двайнога тэракту ў Нарвегіі ўжо 93 (абноўлена)
Паводле звестак паліцыі, у летніку на выспе Утоя забітыя 89 чалавек. Амаль два дзясяткі ахвяраў знаходзяцца ў лякарнях ў вельмі цяжкім стане.
Яшчэ 7 загінулі ў выніку выбуху ў цэнтры Осла 22 ліпеня.
Назвалі таксама імя затрыманага мужчыны, які адкрыў агонь у летніку. Гэта 32-гадовы Андэрс Берынг Брэйвік, грамадзянін Нарвегіі, перадае ВВС. Паводле заявы прадстаўнікоў паліцыі, затрыманы прытрымліваўся крайне правых поглядаў. Раней яго ніколі не арыштоўвалі. Хутчэй за ўсё, у яго быў саўдзельнік, які знік з месца здарэння.
Тэрарысты ў нарвежскім летніку дабівалі параненых. Пра гэта распавялі відавочцы, якія здолелі схавацца ад стралкоў. У моладзевым летніку на выспе Утоя пад Осла знаходзілася каля 700 падлеткаў. Сведкі трагедыі апавядаюць, што тэрарыстаў сапраўды было як мінімум двое і яны вельмі спяшаліся. Нават апісваюць другога нападніка — цёмнавалосы мужчына, які выглядаў як “тыповы нарвежэц”.
Насельнікі летніка апавядаюць, што тэрарысты дабівалі параненых дзяцей, якім было 15-16 год. Яны таксама выманьвалі тых, каму ўдалося схавацца.
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Йенс Столтэнбэрг назваў двайны тэракт нацыянальнай трагедыяй. Па яго словах, у краіне не было такіх злачынстваў з часоў Другой сусветнай вайны. Таксама кіраўнік нарвежскага ўраду ўдакладніў, што ахвярамі атакі пад Осла сталі некалькі супрацоўнікаў яго апарату. Йенс Столтэнбэрг 22 ліпеня павінен быў наведаць моладзевы летнік і выступіць перад яго ўдзельнікамі.
Нагадаем, 22 ліпеня ў сталіцы Нарвегіі адбыўся выбух. Па папярэдняй інфармацыі, спрацавала выбуховая прылада, якая ляжала ў аўтамабілі, прыпаркаваным ля будынку канцылярыі прэм'ер-міністра. Пасля выбуху Еўрарадыё стэлефанавалася з Аляксандрам Сычовым, які знаходзіўся ў цэнтры Осла, і распытала ў яго пра сітуацыю ў горадзе і пра першыя версіі, якія выказваюць наконт тэракту тамтэйшыя медыі.