Аксана Пачобут: "Пытанне пра нашу эміграцыю — рытарычнае"

Сваё свята журналіст, абвінавачаны ў абразе прэзідэнта, правядзе ў следчым ізалятары. Напярэдадні Еўрарадыё сустрэлася з ягонай жонкай Аксанай.

Калі мы зайшлі ў кватэру Пачобутаў, іх маленькі сын Яраслаў збіраўся на ранішні шпацыр з дзядулем Станіславам. Бацькі Анджэя нянькаюць унука, пакуль Аксана адносіць перадачы і сустракаецца з адвакатам. У сямейным коле Анджэй збіраўся адзначыць і свой дзень народзінаў:

"Абмяркоўвалі гэты дзень народзінаў. Нешта мы не думалі, што ўсё так хутка закруціцца. Ён казаў: мы, Яраслаўкіны хросныя бацькі… Я ведала, што тэрмін 72 гадзіны заканчваецца ў суботу. Думала, што хутчэй за ўсё яго не выпусцяць. Непрыемна было. Чакаеш горшага, але спадзяешся на лепшае", — кажа Аксана Пачобут.

Аксана працуе метадыстам у каледжы мастацтваў. Але ўжо больш за год знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: даглядае маленькага сына Яраслава. Старэйшая дачка Пачобутаў Яна ходзіць у школу ў 5-ы клас.

Калі Яраслаў нарадзіўся, Анджэй адбываў 5-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасці са старшынёй івянецкай філіі Саюза палякаў. Аксана лічыць, што гэта была спроба ўкалоць маральна: не даць бацьку забраць сына з радзільні. Ледзь не пры кожным узмацненні ціску на Саюз палякаў ці персанальна на Анджэя за журналісцкую працу, у ягоных калегаў паўставалі пытанні пра эміграцыю. Ці размаўлялі пра гэта ў сям’і Пачобутаў?

"Гэта не мы абмяркоўвалі, гэта яму прапаноўвалі: "Чаму ты не едзеш?" Але Андрэй гэтыя варыянты не разглядаў. Да яго такое пытанне можа быць толькі рытарычным: "Паедзеш?" Але ведаеш адказ — ён не паедзе", — расказвае Аксана.

Ужо працяглы час Анджэй працуе дома. Усе ператрусы ў рамках ягонай крымінальнай справы, а таксама "справы Плошчы" адбываліся на вачах усёй сям’і. На выпадак, калі пацярпелы ад артыкулаў Пачобута захоча спагнаць з яго за абразу, апісалі маёмасць. Канфіскавалі ноўтбук і DVD-плэер, на якім любілі глядзець фільмы дзеці Анджэя.

"Яна такая смелая. Калі вобшук быў у яе пакоі, яна пайшла туды і назірала: "Гэта мой пакой, калі вы яшчэ не забылі! Коленька будзе глядзець мае DVD?!”, — са смехам згадвае Аксана.

На тэлевізары ляжыць Крымінальны кодэкс. Апошнім часам Аксана стараецца чытаць больш юрыдычнай літаратуры і навін. На пытанне пра ўласны блог з жартам адказвае: "Толькі каб расказаць, які Пачобут на самой справе!" Увогуле што да чытання, то густы ў сям’і досыць розныя:

Аксана: "Ён амаль не чытае мастацкай літаратуры, а я чытаю. Яму на мастацкую няма часу. Ён кажа: усё, што выдумалі, яго не цікавіць. Ён і сам можа выдумаць. Цікавіць толькі тое, што было на самой справе".

Аксана зусім не падобна на Анджэя і ў стаўленні да грамадскай дзейнасці: "Можа, каб мой муж так актыўна ёй не займаўся… А калі гэта грамадская дзейнасць сама так да нас лезе… Часам хацелася б і менш пра гэта ўсё ведаць".

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі