Дабрачынная акцыя з 10 тысяч школьнікаў збірае ў школу толькі дзвесце
З больш чым дзесяць тысяч школьнікаў з шматдзетных сямей дабрачынную дапамогу атрымаюць толькі дзве сотні першакласнікаў. Астатнім дапаможа горад.
120806 Savicz Pershaklaszka.mp3
У невялікім кошыку ў аддзеле канцтавараў на другім паверсе ГУМа ляжаць сшыткі, лінейкі, вокладкі.
“Гэта акцыю праводзіць Мінгарвыканкам, не ГУМ праводзіць, - кажуць супрацоўнікі крамы. - Яны ўвечары прыходзяць, забіраюць рэчы. Можна прыносіць любыя! Ніхто ніякі кастынг не праводзіць”.
Прыносіць любыя рэчы можна для шматдзетных сямей “Партфель першакласніка” і ў ЦУМе. І прадаўцы гандлёвага дома “На Нямізе” даволі спакойна рэагуюць на маё імкненне, нешта пакласці ў кошык, ніяк не рэагуюць, што рэчы купленыя не ў краме.
“Можна ўсе прыносіць”, - кідае дзяўчына-прадавец.
А вось у даведцы гандлёвага дома “На Нямізе” Еўрарадыё катэгарычна заяўляюць: толькі рэчы, якія не былі ва ўжыванні:
“Вось калі ў вас ёсць партфель, дзіця яго крыху насіла, то такія рэчы ўжо нельга прыносіць. Толькі новыя рэчы”.
Складаю толькі што купленыя сшыткі ў дабрачынны кошык і я. Хоць прадаўцы і папярэджваюць, што мае сшыткі не тыя - першакласнікам патрэбныя ў буйную клетку, а я купіла звычайныя.
“У гандлёвым доме не так зразумелі! Можна прыносіць любыя рэчы. Ёсць жа разнастайныя гурткі”, - заўважае пра рэчы, былыя ва ўжыванні, галоўны спецыяліст аддзела адраснай дапамогі Упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы Мінгарвыканкама Вольга Калядка.
Але і чыноўнік заўважае, што лепш бы новыя рэчы.
“Першакласніку будзе крыўдна, калі ў яго будуць нейкія ужо былыя ва ўжыванні рэчы”, - кажа Вольга Калядка.
Але, як даведалася Еўрарадыё, дапамогу атрымаюць толькі тыя дзеткі, чые бацькі ўваходзяць у Беларускую асацыяцыю шматдзетных бацькоў. Такіх дзяцей ў Мінску – трохі больш за дзве сотні. Плюс тыя, каго парэкамендуе Камітэт адукацыі. Апошнія атрымаюць дапамогу, калі грамадскасць добра адгукнецца.
“Нам з Пінска тэлефанавалі, калі пачулі пра акцыю! Але пры чым да Мінска Пінск. Хай яны сваю гарадскую акцыю арганізуюць. Мы ж грамадскае аб’яднанне і не маем падтрымкі дзяржавы, усё самі”, - кажа старшыя Беларускай асацыяцыя шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка.
Каб трапіць у Асацыяцыю трэба прайсці абследаванне і атрымаць даведку аб складзе сям’і, а таксама штогод... плаціць узнос: 300 тысяч рублёў.
Астатнім сем’ям дапаможа горад. Штогод шматдзетным бацькам выдаткоўваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 30% ад бюджэту пражытачнага мінімуму. 253 000 рублёў на кожнага школьніка.