Актывістку АГП звольнілі з працы ў міжнароднай кампаніі
Алена Крушэўская, сакратар моладзевай арганізацыі "Маладыя дэмакраты", лічыць, што звольненая за палітычныя перакананні.
Як інфармуе Радыё "Свабода", дзяўчына працавала ў Мінску ў фірме "ІСсофт" — гэта міжнародная IT-кампанія, даччыная фірма амерыканскай "Coherent Solutions, Inc." (www.issoft.by).
Па словах Крушэўскай, яе звольнілі пасля таго, як яна наведала міжнародную канферэнцыю ў Кіеве. Дзяўчына кажа, што яе нават не пусцілі ў кабінет, дзе ляжалі яе асабістыя рэчы. Пры звальненні, кажа Крушэўская, ёй згадалі навучанне ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, карыстанне сацыяльнымі сеткамі і пасаду ў апазіцыйнай партыі.
Супрацоўніца фірмы "ІСсофт" Вікторыя Салавянчык, аднак, кажа, што звальненне адбылося з прычыны кепскай дысцыпліны і невыканання працоўных задач.
Дарэчы, гэта не першы выпадак звальнення дэмакратычных актывістаў з заходніх фірмаў, што працуюць у Беларусі. Нядаўна шведскі праваабаронца Марцін Угла назваў "непрымальным" звальненне са шведскай фірмы "Scandinavian & UK Machines" беларускай супрацоўніцы Юліі Сцяпанавай.
Фота — svaboda.org