Akute: "У нас усе песні пра ракавых прыгажуноў”

Еўрарадыё: Яшчэ год таму, падчас канцэрта ў Графіці, вы распавядалі, што рыхтуеце другі альбом і адразу папярэдзілі, што ў ім вы збіраецеся спусціцца ў самае пекла. Што вас падштурхнула да такой змрачнаватай тэматыкі? Ці нейкая адна песня дала настрой будучай пласцінцы?

 

Раман Жыгараў: Мы ніколі не спыняем працу, і ўжо тады мы бачылі, які настрой будзе ва ўсім будучым альбоме. Насамрэч, “Кроў бы вада” была не зусім першай песняй гэтага альбома. “Яны пад снегам”, напрыклад, была напісаная значна раней.

Еўрарадыё: Што з вамі адбывалася цягам апошняга году?

 

Стас Мытнік: Насамрэч, нічога такога не здарылася і не змянілася. Проста, з цягам часу нейкія такія песні нараджаліся.

Раман Жыгараў: Мы сталі лепш апранацца (смяюцца)

 Стас Мытнік

Еўрарадыё: Хто піша тэксты? Па-ранейшаму Рома ці ты, Стас, таксама спрабаваў сябе ў ролі аўтара?

 

Стас Мытнік: Не, я ніколі не пішу тэксты, ніколі. У нас часцей за ўсё першай з’яўляецца музыка. Нехта прыносіць кавалачак мелодыі, наігрывае яго, а астатнія дапаўняюць.

Еўрарадыё: Рома распавядаў, што тэксты часцей за ўсё піша ўначы.

 

Стас Мытнік: Я магу некалькі разоў на дзень сядаць з гітарай і нешта наігрываць. Але ў асноўным уся мая музыка нараджаецца таксама ўвечары (смяюцца).

Раман Жыгараў: Напісанне тэкстаў я, як і раней, не кантралюю. Гэта ўсё само сабой прыходзіць там аднекуль.Ну, і напэўна, раз такія тэксты пішуцца зараз, то нешта такое трансліруецца праз мяне. Я б не сказаў, што гэта негатыў. Гэта проста танцы на касцях. “Пір падчас чумы”. І нічога такога сумнага ў гэтым няма. Усё добра. Зрэшты, усе рана ці позна памруць. Пра што яшчэ спяваць у гэтым жыцці, як не пра смерць?

Еўрарадыё: Вашы песні - гэта асабістыя перажыванні, ці ўсё ж фантазіі?

Стас Мытнік: Для мяне гэта сваё нешта.

Раман Жыгараў: Добрае пытанне! (смяецца)

Стас Мытнік: Я ніколі не пытаюся ў Рамана, пра што ён піша. А калі спяваю песні – тады думаю пра нешта сваё. І ў розны час перажываю гэта па-рознаму.

 Раман Жыгараў

Еўрарадыё: Альбом-катарсіс у вас атрымаўся.

 

Стас Мытнік: Так, праз гэтыя перажыванні мне робіцца лепш. Нават калі песня здаецца вельмі сумнай ці безнадзейнай – робіцца лягчэй.

Раман Жыгараў: Гэта на першы погляд толькі так падаецца.

Стас Мытнік: Так, калі табе сумна – гэта не азначае, што табе дрэнна.

Раман Жыгараў: Я ўвесь гэты час думаў, як адказаць на гэтае пытанне. І я не хачу на яго адказваць. Насамрэч, я магу сказаць усё, што заўгодна. Магу сказаць: так, гэта пра мяне. Магу сказаць: не, гэта не пра мяне. Давайце пакінем гэта на потым. Гэта было вельмі добрае пытанне.

Еўрарадыё: Давай падыдзем з іншага боку: вы зараз вельмі папулярны гурт. У Akute шмат фанатаў і, што хаваць, прыхільніц (смяюцца). А героі вашых песень – як мінімум, хлопцы з разбітым сэрцам. Ці не думалі напісаць драйвовую песню ад імя “ракавога прыгажуна”, якога дзяўчаты гатовыя насіць на руках?

 

Раман Жыгараў: Гэта ўсё такая супярэчнасць. То бок можна пабудаваць творчасць на сутыкненні настолькі кардынальна рознага. Ты кажаш, што гэта чалавек з разбітым сэрцам, а насамрэч, гэта можа азначаць наадварот іншае. У нас усе песні пра ракавых прыгажуноў.

Стас Мытнік: Нават мы не ведаем, якой атрымаецца наступная песня і альбом, і наколькі яны будуць драйвовымі ці сумнымі.

Еўрарадыё: Вам патрэбныя нейкія адмысловыя ўмовы для напісання песень?

 

Раман Жыгараў: Наркотыкі?

Еўрарадыё: Умовы, Рома, не сродкі. (смяемся)

 

Раман Жыгараў: Натуральна! Гэта можа быць усё, што заўгодна. Каб выклікаць нейкую творчую хвалю ці парыў… Каб проста ўзяць дыктафон і адразу надыктаваць цэльную песню хапае дробязей. Напрыклад, забыты ўспамін. Ці рэха, адгалосак якой-небудзь размовы. Хапае маленькіх рэчаў: гэта некія думкі, сны, успаміны. І з гэтага можа выліцца вялікая гісторыя.

Еўрарадыё: Якія ў вас адносіны ўнутры каманды? Як вам працуецца з вашым бубначом?

 

Стас Мытнік: Наш бубнач, Павел Філатаў, вельмі добры хлопец, бесканфліктны. Разумее, што трэба ад яго.

Раман Жыгараў: І робіць тое, што трэба. Не паліць.

Стас Мытнік: Да нас амаль што не піў (смяюцца).

Еўрарадыё: Вы часта сустракаецеся па-за студыяй?

 

Стас Мытнік: Так, трэба сустракацца па-за студыяй. Сумесная праца – гэта не толькі праца ў студыі, але і некія сяброўскія адносіны. Без гэтага ніяк не можа быць.

Раман Жыгараў: У нас не спыняюцца рэпетыцыі. Таму мы часта сустракаемся.

Еўрарадыё: Вы задаволеныя эксперыментамі, на якія пайшоў Жэня Сухавей падчас звядзення альбома?

 

Стас Мытнік: Вельмі задаволеныя.

Раман Жыгараў: У нас была такая думка, ідэя – нічога не тлумачыць Жэні. Проста аддаць яму матэрыял, каб ён рабіў, што ён хоча. Гэта была сапраўдная саўнд-прадзюсарская праца з яго боку. Вядома, калі б нам не спадабалася, мы б сказалі, што не, дзякуй. Але атрымалася наадварот - ён неяк сам адчуў нашу музыку. І зрабіў усё выдатна.

Еўрарадыё: Якая-небудзь песня вас асабліва здзівіла ў выніку? Пазналі свой альбом?

 

Стас Мытнік: Не тое, каб здзівіла, а прыемна парадавала. У мяне не было такой думкі, што ў некаторых песнях можна было зрабіць тое, што ён зрабіў. І гэта было прыемнай нечаканасцю.

Раман Жыгараў: Ён прыўнёс свае своеасаблівыя эфекты і зрабіў нешта цалкам новае. Мы так не граем! (смяецца)

Еўрарадыё: Апошняя песня альбома – “Зорка” – вельмі выдзяляецца з агульнага настрою пласцінкі. Такое ўражанне, што яна засталася ад часоў “Дзевачак і Космасу”.

 

Стас Мытнік: Гэта як хвост ад каметы, ведаеш… З таго альбому і засталася. Хоць яна сама, у прынцыпе, новая…

Раман Жыгараў: Ну чаму? Яна даволі старая, проста была забытая. А зараз “Зорка” пераасэнсаваная і зробленая нанова. Яна чакала свайго часу.

Еўрарадыё: Трохкутнік на вокладцы – гэткі семіатычны сімвал “народзінаў-жыцця-смерці”, пра якія вы спяваеце?

 

Раман Жыгараў: Мы ўжо думалі сёння, што вось на ЕР “Кроў” на вокладцы быў кружочак. Зараз – трохкутнічак. Потым будзе – квадрацік, крыжык і атрымаецца джойсцік ад плэй-стэйшн!

Еўрарадыё: Далёка хадзіць не трэба – дзе хлопчыкі, там і камп’ютарныя гульні (смяемся).

Раман Жыгараў: У гэтай вокладцы ёсць наш асабісты сэнс. Акрамя таго, што трохкутнік – гэта асноўная фігура ў геаметрыі, з якой утвараюцца астатнія фігуры. Гэта яшчэ і найстаражытнейшы культурны сімвал, які можа азначаць абсалютна ўсё, што заўгодна. І, дарэчы, тое, пра што мы ўжо гаварылі – нараджэнне, жыццё, смерць – таксама тлумачыцца ў выглядзе трохкутніка.

 

Еўрарадыё: Ці плануеце нарэшце зняць кліп?

 

Раман Жыгараў: Насамрэч, можна, напэўна, ужо сказаць, што ў нас ёсць кліп. Гатовы! Але пакуль ён не выйшаў за межы студыі, дзе яго змантавалі. Вось чакаем. Магу сказаць, што ён ёсць і неўзабаве з’явіцца. І гэта кліп акурат на песню “Зорка”.

Еўрарадыё: Хто здымаў відэа?

 

Раман Жыгараў: Лёша Карнееў. Таксама нам дапамагаў Андрэй Курэйчык. І Дзіма Марынін. Пра што ён – даведаецеся ўжо пасля прэм’еры.

 

Еўрарадыё: Што вы рыхтуеце да прэзентацыі?

 

Раман Жыгараў: Мы сыграем нашу найвялікшую праграму. Такую мы яшчэ ніколі не гралі.

Стас Мытнік: Амаль што ўсе песні, якія ў нас ёсць. Ці нават усе?

Раман Жыгараў: Так, усе песні. Плюс, мы рыхтуем такія невялікія лірычныя адступленні – сольныя акустычныя выступы. Будзе, на што паглядзець! Прыходзьце, калі ласка, 21-га красавіка ў клуб Re:Public!

Еўрарадыё: Якія яшчэ гарады, акрамя Мінску і Магілёва, наведаеце з прэзентацыяй “Не існуе”?

 

Стас Мытнік: Ёсць думкі, пабываць ва ўсіх гарадах. Не так даўно мы былі ў Брэсце. Хутка завітаем у Гомель і Віцебск.

Раман Жыгараў: Мы, напэўна, толькі ў Гродне не пабывалі яшчэ. У нас ёсць намер, аб’ехаць увогуле ўсе беларускія гарады.

Замежжа – блізкае і далёкае – гэта як ужо атрымаецца. А беларускія гарады мы аб’едзем усе, стопудова!

Стас Мытнік: Яшчэ плануюцца канцэрты ва Украіне. 26-га красавіка ў нас канцэрт у Вільні.

Раман Жыгараў: Ёсць пэўны графік выступаў, якога мы прытрымліваемся. І ён распісаны ўжо па чэрвень.

Еўрарадыё: Вас ахвотна бяруць у эфір?

 

Раман Жыгараў: Памятаю, неяк было, ў Мінску (смяецца)

Стас Мытнік: Сказалі, што я кепска спяваю і не ўзялі.

Раман Жыгараў: Так, сказалі, што Стас не трапляе ў ноты і не ўзялі (смяюцца). У той жа Расіі ў нас усё нармальна з ратацыямі - слухаюць, ставяць на радыё. І ў Польшчы усё ок. Менавіта таму, што мы спяваем на мове, ім гэта цікава, падабаецца. Яны, натуральна, мала што разумеюць.

Еўрарадыё: То бок пісаць песні на іншых мовах для таго, каб пашырыць аўдыторыю, не збіраецеся?

Раман Жыгараў: Дакладна не.

Еўрарадыё: Як на вас за гэты год адбілася папулярнасць? Ці пазнаюць вас у родным Магілёве?

 

Раман Жыгараў: Стас набыў кватэру!

Стас Мытнік: Так, па знаёмству прадалі са зніжкай (смяецца).

Раман Жыгараў: За нашы велізарныя ганарары мы набылі сабе самалёт, каб лётаць у Мінск на канцэрты.

Стас Мытнік: Але яшчэ ніводнага разу не лёталі. Дрэннае надвор’е!

Еўрарадыё: Якія самыя нечаканыя падарункі робяць вам фанаты?

Раман Жыгараў: Нас часта малююць, напрыклад. Малюнкі дасылаюць ці прыносяць. Партрэты ў тым ліку.

Стас Мытнік: Вось гэта вельмі прыемна! І вельмі прыгожыя малюнкі, дзякуй за іх вялікі.

Раман Жыгараў: Пішуць у асабістыя паведамленні, так. Не без гэтага.

Еўрарадыё: Чым вы захапляецеся акрамя музыкі? Як бавіце вольны час?

 

Раман Жыгараў: Мы жывем амаль што звычайным жыццём. Ходзім у кіно…

Стас Мытнік: З дзяўчатамі! (смяюцца) Галоўнае захапленне, ўсё ж, - Akute. А ўсё астатняе дапаўняе тое, чым мы займаемся. Час ад часу нам проста нешта перашкаджае займацца Akute, а, як высветлілася, гэта ўсё астатняе жыццё.

Еўрарадыё: Любіце адзіноту?

 

Стас Мытнік: Яна розная. Я, часцей за ўсё, не люблю. Але без яе таксама дрэнна.

Раман Жыгараў: Чалавек не можа ўвесь час адчуваць сябе адзінокім, адназначна. Можна сказаць, што гэта адбываецца нейкімі палоскамі ці хвалямі. Як і ўсё – па спіралі.

Стас Мытнік: Калі ты прысычаны людзьмі, якія вакол цябе, то, натуральна, потым хочацца пабыць у адзіноце.

 

Еўрарадыё: Што вы чытаеце? Любіце? Глядзіце?

 

Стас Мытнік: Рома чытае прыгожыя кнігі. А я - не прыгожыя. Злыя! (смяюцца)

Раман Жыгараў: Стас чытае ў асноўным гістарычную літаратуру пра вайну і пасляваенны перыяд.

Стас Мытнік: А Раман больш чытае фэнтэзі. Пра Хобіта ў яго любімая кніжка. І “Уладар пярсцёнкаў”. Кіно таксама мы любім прыкладна такое ж, як і кнігі. Я не ведаю, адкуль гэта ў мяне, але вельмі цікава глядзець нейкія дакументальныя хронікі. Гэта жывыя, сапраўдныя людзі. Не выдумка, а тое, што было насамрэч. Як сябе паводзяць людзі ў розныя экстрэмальныя моманты. Таму гэта вельмі ўражвае.

Еўрарадыё: Прыадкрыйце таямніцу: матэрыялу засталося і на тое, каб задумацца над трэцім альбомам? Што ў ім будзе?

 

Стас Мытнік: Не, амаль што ўсе песні ўвайшлі ў альбом “Не існуе”.

Раман Жыгараў: Сакрэт! Але, ладна (смяецца). Мы ўжо ведаем, што будзе ў трэцім альбоме. Ужо нават пачалі нешта там граць. Але давайце пачакаем яшчэ крышачку. Ведаем толькі, што ён будзе зусім іншым.

 Фота: euroradio.fm, budzma.org, minsk.topdj.by, Вольга Качура ды з уласнага архіва гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі