Ала Саннікава: Віна сына толькі ў тым, што ён стаў кандыдатам у прэзідэнты

15 траўня сыну экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Даніку споўніцца 4 гады, але за дзень да гэтага, 14 траўня, у судзе Партызанскага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд яго бацьку. У адпаведнасці з якім сын не ўбачыць яго 5 гадоў. Такі тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзіла палітыку за “арганізацыю масавых беспарадкаў” суддзя Наталля Чацвярткова.

Маці экс-кандыдата Ала Саннікава прызналася, што такі прысуд стаў для яе шокам.

Ала Саннікава: “Я думала, што ён будзе вызвалены! Яго віны няма. Уся яго віна ў тым, што ён пайшоў на выбары, стаў кандыдатам у прэзідэнты. Каб змянілася краіна, каб яна стала сапраўды еўрапейскай. Але вы бачыце як у нас: калі ты рашыўся пайсці, каб сапраўды змяніць жыццё нашага народа і нашай краіны, значыцца табе – прамая дарога ў турму. Але я ганаруся сваім сынам. Ён мужна вытрымаў усе тыя катаванні”.




 На думку адвакатаў палітыка Андрэя Варвашэвіча і Марыны Кавалеўскай віна Саннікава не даказаная. Па словах спадарыні Кавалеўскай, прысуд Саннікаву яны будуць абскарджваць.

Марына Кавалеўская: “Лічым прысуд у адносінах да Саннікава Андрэя незаконным і неабгрунтаваным. З нашага пункту гледжання, не ўстаноўлены факт масавых беспарадкаў, як гэта разумее артыкул 293 Крымінальнага кодэкса. У справе не прадстаўлена ніводнага бясспрэчнага доказу таго, што ў Саннікава была думка аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Нягледзячы на ўсе намаганні абароны суд беспадстаўна адхіліў цэлы шэраг хадайніцтваў, якія маюць надзвычай важнае значэнне для справы. Што сведчыць аб аднабаковасці судовага разбіральніцтва. Гэта – парушэнне працэсуальнага заканадаўства. Прысуд будзем абскарджваць у працэсуальным парадку”.




Як вядома, да апошняга часу Андрэй Саннікаў знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Падчас судовага разбіральніцтва палітык расказаў, што там яго катавалі. Журналісты пацікавіліся ў адвакатаў, як гэтыя сведчанні паўплывалі на ўмовы ўтрымання палітыка.

Андрэй Варвашэвіч: “У КДБ зараз у Саннікава умовы вельмі добрыя. Значна лепшыя, чым гэта было раней. У яго на гэты момант ніякіх скаргаў няма”.

Разам з Саннікавым былі асуджаныя і чатыры шараговыя ўдзельнікі Плошчы. Алег Гнедчык за ўдзел у «масавых беспарадках» асуджаны на 3,5 года, Ілья Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімір Яроменак — на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Маці Фёдара Мірзаянава Людміла, якую не пусцілі міліцыянты ў залу пасяджэння, не хавала свайго абурэння прысудам сыну. Але і – гонару за яго.

Людміла Мірзаянава: “Дарагі мой сынок! Я з дзяцінства баялася: “Хаця б ты не патрапіў у дрэнную кампанію!” Не патрапіў! І за кратамі ты, сынок, быў у якой выбітнай кампаніі! З Андрэям Саннікавым, з якімі хлопцамі-маладафронтаўцамі! Ну што, Аляксандр Рыгоравіч, вы перамаглі? Не! Сынок мой! Дзякуй табе, што ты пайшоў на Плошчу за мяне і за бацьку. А наступным разам я пайду з табой!”Сынок мой! Дзякуй табе, што ты пайшоў на Плошчу за мяне і за бацьку. А наступным разам я пайду з табой!




Галоўнай тэмай, акрамя жорсткасці прысуду, якую абмяркоўвалі людзі пасля абвяшчэння судовага рашэння, было абмеркаванне верагоднасці датэрміновага вызвалення асуджаных. Ала Саннікава не захацела нешта прагназаваць на гэты конт.


Ала Саннікава: “У нашай рэчаіснасці я не магу рабіць ніякіх прагнозаў. Калі б ён быў вінаваты, я б сама сабе казала, што не так выхавала сына. Але тут”…



Цесць Андрэя Саннікава Ўладзімір Халіп выказаў упэўненасць, што 5 гадоў той не адседзіць.

Уладзімір Халіп: “Ён упэўнены, што Саннікаў будзе сядзець 5 гадоў. Не, Саннікаў не будзе сядзець 5 гадоў – народ вызваліць яго. І адначасова верне арганізатара ўсяго гэтага мярзоцця туды, дзе яму месца – на лаву падсудных!”



Пагадзіўся з гэтым і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Я мяркую, што ніхто не адседзіць тыя тэрміны, якія былі зачытаныя суддзямі. Сітуацыя працуе супраць гэтых прысудаў”.




Андрэй Саннікаў стаў першым экс-кандыдатам у прэзідэнты, які атрымаў тэрмін. А ўсяго за ўдзел у падзеях па Плошчы Незалежнасці 19 снежня ўжо асуджаныя 27 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі