Алег Гайдукевіч: Мяне не бянтэжыць, што я стаў апазіцыйным палітыкам

120906 Luka6uk Gaidukevi4.mp3

Еўрарадыё: Такія кардынальныя змены ў жыцці: з пасады начальніка Фрунзенскага РУУС сталіцы ў намеснікі старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі – з чым гэта звязана?

Алег Гайдукевіч: Рашэнне такое было прынятае мной асабіста, свядома. І я да гэтага рашэння ішоў даўно – я заўсёды хацеў займацца палітыкай. Але ў палітыку трэба прыходзіць не так, як некаторыя нашы палітыкі – інстытут закончылі і сталі палітыкамі. Неабходна прайсці жыццёвы шлях, кімсьці стаць, дасягнуць нейкіх маральных якасцяў, чалавечых якасцяў, жыццёвых якасцяў. Я кіраваў людзьмі і зразумеў, што зараз прыйшоў час – я гатовы. Ну, і іншае – мяне паклікалі і прапанавалі такую адказную пасаду. Партыя – гэта больш за 45 тысяч чалавек. Я адразу пагадзіўся і думаю, што працы ў мяне зараз будзе больш, чым раней.

Еўрарадыё: Кажуць: “Былых супрацоўнікаў не бывае”. І яшчэ: “Міліцыя – па-за палітыкай”. Як сумясціўся міліцыянер, які былым не бывае, і палітык?

Алег Гайдукевіч: Я міліцыянерам быў 18 гадоў свайго жыцця. І я не шкадую ні аб адным з гэтых дзён. Міліцыя мяне найперш навучыла афіцэрскаму гонару і прыстойнасці. І калі ў палітыцы застанецца гэтыя гонар і прыстойнасць, якія я займеў, то я мяркую, што палітыка ад гэтага толькі набудзе. А ў палітыцы я быў, напэўна, з самага дзяцінства, палітыка была вакол мяне. Бо я рос у той сям’і, дзе палітыка была з раніцы і да вечара. І, паверце,  да палітыкі я гатовы нават больш, чым некаторыя нашыя так званыя палітыкі.

Еўрарадыё: У адным са сваіх ранейшых інтэрв’ю вы казалі, што бацька хацеў, каб вы сталі вайскоўцам, бабуля – банкірам. А вы насуперак ім пайшлі у Акадэмію МУС. З тых вашых слоў склалася ўражанне, што вы нібыта ўцякалі ад палітыкі...

Алег Гайдукевіч: Калі я даваў тое інтэрв’ю, я, як начальнік міліцыі, не мог гаварыць на палітычныя тэмы і казаць, што я хачу займацца палітыкай. Усяму свой час. А вось калі прыйшоў час займацца палітыкай, то я і кажу, што я хачу і буду займацца палітыкай. Але і тады, як начальнік Фрунзенскага РУУС, я сказаў праўду. Я працаваў добрасумленна, у мяне дзяржаўныя ўзнагароды, я дапамог тысячам людзей, я ніколі не працаваў на кіруючых пасадах у МУС – я заўсёды быў на зямлі, з людзьмі. Што такое раённае ўпраўленне? Гэта не нейкія там далёкія і глыбокія пытанні – гэта дапамога канкрэтным людзям. Плюс – я кіраваў самым вялікім РУУС у рэспубліцы, у мяне штат быў больш за 800 чалавек. Гэта вялікі вопыт арганізацыйны, кіруючы, які спатрэбіцца ў палітычнай дзейнасці і будзе запатрабаваны.



Еўрарадыё: Ці цалкам вы згодныя з усімі праграмнымі дакументамі ЛДПБ?

Алег Гайдукевіч: Ліберальна-дэмакратычная партыя – гэта каманда людзей. Я прыходжу ў каманду і канешне я згодны цалкам з тымі праграмамі, якія ёсць у ЛДПБ. Гэта каманда і працаваць трэба ў камандзе.

Еўрарадыё: Лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч заўжды кажа, што менавіта іх партыя – сапраўдная апазіцыя. Як вам будзе зараз адчуваць сябе апазіцыянерам?

Алег Гайдукевіч: Мяне гэта не бянтэжыць абсалютна. Я свядома іду ў Ліберальна-дэмакратычную партыю, якая з’яўляецца канструктыўнай апазіцыяй. І я нармальна да гэтага пераходу стаўлюся.

Еўрарадыё: Якія канкрэтна функцыі ў партыі вы будзеце выконваць?

Алег Гайдукевіч: Намеснік старшыні партыі гэта азначае – намеснік старшыні партыі. Функцыі мае будуць шырокія. Але дайце мне крыху часу ўвайсці ў пасаду. Зараз адчыняецца яшчэ адзін офіс цэнтральнага апарата Ліберальна-дэмакратычнай партыі, у якім буду знаходзіцца я, людзі, якія будуць працаваць са мной. Я буду працаваць у камандзе. А што тычыцца канкрэтных абавязкаў, то пройдзе пару дзён, я ўнікну ва ўсе пытанні і буду гатовы адказаць на ўсе пытанні. Але паверце, намеснік старшыні партыі адказвае шмат за якія пытанні. І я буду шмат за якія пытанні адказваць.

Еўрарадыё: Галоўная мэта палітыка – прыйсці да ўлады, змяніць нешта ў тым, што мы маем наўкол сёння. Вы шмат з чым з таго, што мы маем сёння, не згодныя?

Алег Гайдукевіч: Галоўная мая мэта – каб Ліберальна-дэмакратычная партыя прыйшла да ўлады. І каб тыя ідэі, мэты, статут, праграма, якія ёсць у ЛДПБ, ажыццявіліся. Мэта любой партыі – барацьба за ўладу і я гатовы да гэтай барацьбы.

Еўрарадыё: У вас ёсць жаданне паспрабаваць сябе ў барацьбе за пасаду прэзідэнта краіны, па прыкладу Сяргея Гайдукевіча?

Алег Гайдукевіч: Сяргея Васільевіча Гайдукевіча кандыдатам на пасаду прэзідэнта абірае з’езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Гэта лідар партыі, яе старшыня. У мяне ж пакуль такога жадання няма. Пакуль я хачу пачаць працаваць намеснікам старшыні партыі. Адзінае, пра што шкадую, што не паспеў паўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Проста не паспеў фізічна.

Еўрарадыё: А чаму не паспелі? Не маглі своечасова сысці з міліцыі?

Алег Гайдукевіч: Проста не паспеў – былі пытанні арганізацыйнага плану... Ні з чым гэта не звязана, проста фізічна так атрымалася, што не паспеў.

Еўрарадыё: А вас кіраўніцтва лёгка адпусціла?

Алег Гайдукевіч: Так. З разуменнем паставілася кіраўніцтва МУС да майго жадання змяніць род дзейнасці. Таму ніякіх праблем з маім сыходам не было.

Еўрарадыё: І нічога не казалі пра тое, што сыходзіце не ў “Белую Русь”, а ў апазіцыйную партыю?

Алег Гайдукевіч: Не, такой размовы ў нас не было.

Еўрарадыё: А як вас праводзілі вашы калегі з РУУС?

Алег Гайдукевіч: Выдатна! Пажадалі поспеху. Камусьці сумна, што я сышоў – усё ж такі я дастаткова доўга адпрацаваў начальнікам міліцыі. З разуменнем праводзілі! Хоць ім троху сумна, напэўна, было мяне адпускаць – маім калегам і падначаленым былым. Але яны таксама разумеюць, што я прыняў такое рашэнне. Чалавечыя адносіны ў мяне з тымі людзьмі, з якімі я працаваў, заўжды застаюцца. Самае галоўнае – гэта чалавечыя адносіны.

Еўрарадыё: Як самі лічыце – вы былі добрым начальнікам РУУС?

Алег Гайдукевіч: Я лічу, што я быў прыстойным начальнікам РУУС. І чалавекам, які заўсёды выконваў закон і дзейнічаў паводле закона. І па справядлівасці. Я лічу так.

Еўрарадыё: Вы заўсёды мелі пры сабе табельную зброю?

Алег Гайдукевіч: З пісталетам я не хадзіў ніколі. Спачатку я працаваў у службе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Прычым – на раённым узроўні, займаўся канкрэтным раскрыццём эканамічных злачынстваў. Цяжкіх і асабліва цяжкіх. Пасля быў прызначаны начальнікам крымінальнай міліцыі. Там – так, з пісталетам хадзіў. Потым стаў начальнікам РУУС. А начальнік РУУС з пісталетам ходзіць толькі тады, калі дзяжурыць. Без пісталета я нармальна хаджу і ў мяне няма такога комплексу, што мне трэба пісталет, каб з ім хадзіць і ад некага абараняцца.

Еўрарадыё: Але ж у вас пісталет быў, хай сабе і ў сейфе. І было адчуванне ўзброенага чалавека. Зараз яго ў вас няма, дыскамфорту з гэтай нагоды не адчуваеце?
 
Алег Гайдукевіч: Я сёння адчуў такую падтрымку, калі прыйшоў у партыю, якая налічвае больш за 45 тысяч – гэта лепш любой зброі! Калі я бачыў гэтую каманду людзей, гэтыя палаючыя вочы, якія аб’яднаныя адной мэтай і ідуць наперад разам, напэўна, большай падтрымкі на свеце не бывае! Я рады, што я ў гэтай камандзе. Якая ідзе наперад і, я ўпэўнены, пераможа і даб’ецца сваёй мэты.

Еўрарадыё: Апазіцыйныя партыя часам вымушаная ладзіць розныя “несанкцыянаваныя” акцыі. Калі давядзецца вам у такіх удзельнічаць, як будзеце сябе пачуваць пад наглядам былых калег?

Алег Гайдукевіч: Ліберальна-дэмакратычная партыя заўсёды дзейнічае і будзе дзейнічаць ў межах закона. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але я заўсёды буду ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, у якіх будзе браць удзел ЛДПБ. Я заўсёды буду стаяць там, дзе стаяць сябры Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы наладжваць стасункі з іншымі дэмакратычнымі партыямі і рухамі краіны?

Алег Гайдукевіч: Няхай прыходзяць – будзем глядзець на іх. Але мы самыя моцныя. Таму, да нас павінны прыходзіць. Будзем глядзець, хто там што прапануе, і ці ёсць пра што гаварыць.

Еўрарадыё: Як ваша сям’я паставілася да гэтага вашага рашэння?

Алег Гайдукевіч: Мая сям’я падтрымлівае мяне ва ўсіх маіх пачынаннях. Таму, і тут падтрымка поўная – і жонка падтрымала, і іншыя з маёй сям’і. І я гэтаму вельмі рады.

Еўрарадыё: У міліцыі вы мелі стабільны і гарантаваны заробак. А занятак палітыкай у нашай краіне ў гэтым плане ніякіх гарантый даць не можа...

Алег Гайдукевіч: Я заўсёды ўсё рабіў так, як мне падказвае маё сэрца і так, каб дапамагчы нашай краіне і нашай дзяржаве. Я ўпэўнены, што ў гэтай сферы я буду карысны нашай краіне. А наконт таго пытання, якое вы мне задаяце, я пакуль, шчыра кажучы, асабліва не задумваўся. Мяне зараз цікавіць іншае: як мне зараз працаваць, як выконваць свае абавязкі. Бо працы ў мяне зараз будзе шмат. Вось, пра што я зараз думаю, а не пра тое, пра што вы пытаецеся.

Фота: http://www.belgazeta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі