Алег Трусаў: ніхто нам не забараняе размаўляць 24 гадзіны па-беларуску
Еўрарадыё пагутарыла са старшынём Таварыства беларускай мовы Алегам Трусавым з нагоды чарговых угодкаў рэферэндуму 1995 года.
Еўрарадыё: Спадар Алег, якія змены адбыліся за 9 год з часоў таго рэферэндуму, які некаторыя публіцысты назвалі “ганебным рэферэндумам”?
Алег Трусаў: Рэферэндум выказаўся за рэальнае дзвюхмоўе, роўнасць моваў. Але роўнасці няма. Калі б была роўнасць, палова ўніверсітэтаў і школ мусіць быць беларускамоўнымі. На сёння па-беларуску вучацца толькі 18% вучняў. Калі рэферэндум пачаўся, 75% першакласнікаў вучыліся па-беларуску.
Еўрарадыё: Як можна спрагназаваць тэндэнцыі развіцця нацыі, калі і далей так пойдзе?
Алег Трусаў: Далей так не пойдзе. Пасля рэферэндуму было два перапісы, якія паказалі, што працэнт людзей, якія дома гавораць па-беларуску, нашмат вышэйшы за працэнт людзей, якіх дзяржава вучыць па-беларуску. Апошні перапіс даў лічбу ў 2 з лішкам млн. людзей, якія штодня карыстаюцца беларускай мовай. Усё залежыць ад нас з вамі, людзі. Ніхто не забараняе 24 гадзіны на дзень гаварыць на беларуску. Вас зразумеюць, ды і стаўленне, сітуацыя зменіцца. Ніхто за нас не будзе чытаць, пісаць, гаварыць па-беларуску. Пісаць па-беларуску трэба і нашым уладам, а не толькі з жонкаю на кухні гаварыць.
Еўрарадыё: А як сітуацыя з моладдзю?
Алег Трусаў: Моладзь можна падзяліць на некалькі груп. Мінская моладзь найлепш ставіцца да мовы ў параўнанні з жыхарамі меншых гарадоў і мястэчак. Самая абыякавая моладзь — у райцэнтрах, у некаторых абласных гарадах. Яны жывуць сённяшнім днём. Гэта не ворагі беларушчыны, але і не сябры. Абыякавая плынь. І застаецца вясковая моладзь, якая вучыцца ў беларускіх школах, дзяды і бацькі якой гавораць па-беларуску, хай сабе і на трасянцы, але з элементамі літаратурнай мовы.