Алесь Бяляцкі: Быў бы рады, каб апазіцыйных палітыкаў выпусцілі на волю
З праваабаронцам у бабруйскай калоніі сёння сустрэліся жонка і сястра.
Як распавяла Еўрарадыё жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, яны мелі дастаткова часу, каб пра ўсё пагаварыць. Высветлілася, што Бяляцкі ведаў пра ўчорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, які не выключаў хуткага вызвалення палітзняволеных, што пісалі прашэнні аб памілаванні.
Наталля Пінчук: "Да яго прыходзіць карэспандэнцыя, ён у курсе апошніх навін. Такія асноўныя моманты жыцця на волі яму вядомыя... Ён сказаў, што быў бы рады, каб гэта адбылося і каб гэтыя людзі выйшлі на волю".
120406 PinczukZonkaBialackaha.mp3
Паводле яе слоў, Алесь на здароўе не скардзіўся. Ён толькі казаў, што праца забірае значную частку часу. Бяляцкі працуе на швейнай вытворчасці, займаецца пакаваннем гатовай прадукцыі.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 года зняволення за няплату падаткаў. Краіны ЕС, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.
Фота — bymedia.net