Алеся Бяляцкага перавялі ў разрад "злосных парушальнікаў рэжыму"
Пра гэта праваабаронца паведаміў у лісце да сваёй жонкі Наталлі Пінчук.
Як распавяла БелаПАН жонка асуджанага, у той дзень, калі Бяляцкі пісаў ліст, на яго склалі акт са спагнаннем і перавялі ў катэгорыю злосных парушальнікаў. У сувязі з гэтым палітвязня пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з жонкай, якое планавалася ўвосень.
Акрамя таго, Бяляцкі паведаміў, што яму абмежаваны грашовыя пераводы ў калонію — 100 тысяч рублёў замест ранейшых 500 тысяч. Нагадаем, што вязня трымаюць у бабруйскай калоніі №2.
Не выключана, што гэтыя спагнанні перашкодзяць Алесю Бяляцкаму трапіць пад запланаваную на сёлета амністыю.