Алімпійскі бацюшка з Беларусі: Горныя лыжы — тое, чым я рэальна займаюся
Пратаіерэй Фёдар Поўны раскрыў сакрэты поспеху нашых алімпійцаў. Напрыклад, што дапамагло ўзяць золата Юліі Несцярэнцы.
Еўрарадыё даведалася, што ў склад беларускай алімпійскай дэлегацыі ўключаны айцец Фёдар, настаяцель праваслаўнага прыходу Усіх Святых. Сустрэцца з карэспандэнтам у яго часу не было. Але айцец Фёдар вычарпальна адказаў на пытанні Еўрарадыё ў электронным лісце.
Аказалася, што бацюшка ўжо раней суправаджаў нашых спартсменаў на Алімпіядах. І, напрыклад, у сенсацыйнай перамозе бягухі Юліі Несцярэнкі ў Афінах ён бачыць цуд, які прыйшоў акурат пасля малітваў.
“Тое, што Божая дапамога бывае — гэта несумненна, — піша айцец Фёдар. — Яркі прыклад гэтаму — XXVIII Алімпійскія гульні ў Афінах (2004-ы год — Еўрарадыё), калі наша Юлія Несцярэнка скалынула ўяўленне ўсяго свету, упершыню за шмат гадоў апярэдзіўшы амерыканскіх лёгкаатлетак на стомятровым забегу. Тады перад пачаткам стартаў мной і маім спадарожнікам (сёння eпіскапам Серафімам) быў здзейснены малебен у грэчаскім праваслаўным кафедральным саборы Афінаў. Да нас далучылася зборная Расіі (тады іх суправаджала 15 святароў). І так склалася, што Гасподзь не пакінуў нашых спартсменаў, і дэбют Юліі Несцярэнкі стаў сведчаннем выразнай дапамогі Божай. І яна сама гэта не раз пацвярджала.
Хоць складана выявіць ступень Боскай ласкі альбо спрагназаваць міласць Божую у адносінах да нашых малітоўных прашэнняў, яе немагчыма загадзя прадугадаць альбо “зарабіць”.
У Лондан з алімпійцамі айцец Фёдар едзе, не толькі каб маліцца, але і ў якасці антыкрызіснага псіхолага.
“Мая задача — падтрымліваць ва ўдзельнікаў каманды духоўную раўнавагу, без якой немагчыма гармонія душы і цела, а значыцца, немагчымы і самыя высокія дасягненні. Мая задача — дапамагаць ім пераадольваць непазбежныя ў спорце расчараванні ад няўдалых выступаў”.
Еўрарадыё пацікавілася, ці з’яўляецца айцец Фёдар спартовым заўзятарам, ці віруе ў яго кроў ад спартовага азарту.
“Натуральна, той від фанатычнага “заўзення”, які нядаўна дэманстравалі расійскія балельшчыкі ў Польшчы, непрымальны, — навучае святар. — Ён выклікаў прыкрасць і расчараванне. Гэта не спачуванне спартсменам і іх дасягненням ці няўдачам, а душэўная хвароба.
Заўзею там, дзе няма залішняга эмацыйнага ўсплёску. Я заўзею больш малітвай, прашу Госпада аб унутранай светазладжанасці і бясстрасным перажыванні вынікаў гульні, каб мэтай была не перамога дзеля перамогі, не пачуццё перавагі над супернікам, а ўдзячны зварот да Стваральніка і Падавальніка жыцця і розуму — да Бога”.
Не ведаючы з самага пачатку, што айцец Фёдар займаецца экстрэмальным спортам, мы пацікавіліся, ці практыкуе ён гімнастыку.
“Займаюся штодзённа, яна пачынаецца з паклонаў — яны найлепшыя фізічныя практыкаванні. Раблю зарадку і, канешне ж, бегаю пры дапамозе трэнажору. А падчас прабежкі знаёмлюся з навінамі.
Віды спорту, якія мне падабаюцца больш за ўсё, — гэта горныя і звычайныя лыжы, веласіпед, парашут, пілатаванне верталёта. Усё пералічанае — гэта не толькі мой інтарэс, але і тое, чым я рэальна займаюся”.