А.Манаеў: высновы пра “антылукашэнкаўскую большасць” заўчасныя
Такім чынам дырэктар НІСЭПД пракаментаваў вынікі сацыялагічнага апытання, зладжанага ў сярэдзіне траўня.
Паводле вынікаў гэтага апытання, большасць рэспандэнтаў адзначылі пагаршэнне свайго сацыяльна-эканамічнага самаадчування. Прычым апытанне ладзілі яшчэ да рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля. Болей за палову апытаных тады сказалі, што прыбыткі іх сям’і не дазваляюць якасна харчавацца. Віну за эканамічнае становішча болей за 50% удзельнікаў апытання ўскладваюць на беларускія ўлады. Дзве траціны заявілі ў сувязі з гэтым, што трэба ладзіць эканамічныя рэформы.
Спецыялісты НІСЭПД высвятлялі таксама, як беларусы ставяцца да асуджэння лідэраў апазіцыі па справе 19 снежня. Большая частка беларусаў, амаль 53% сказалі, што асуджаныя або ні ў чым не вінаватыя, або прысуды былі занадта жорсткімі. Пры гэтым траціна апытаных падтрымлівае ўлады і лічыць прысуды справядлівымі.
55% не вераць у афіцыйную версію тэракту ў метро і значная частка рэспандэнтаў нават лічыць, што ў гэтым тэракце ёсць пэўная зацікаўленасць уладаў. Некаторыя беларускія СМІ назвалі гэта фармаваннем “антылукашэнкаўскай большасці”.
Аднак дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў катэгарычна супраць такой фарлумёўкі. Пра гэта ён заявіў у жывым эфіры Еўрарадыё:
“Рабіць такія высновы пакуль яшчэ заўчасна. Нельга сказаць, што людзі расчараваліся ў сістэме і зараз выйдуць пратэставаць. Пасля выбараў 2001 году рэйтынг Лукашэнкі паваліўся “ніжэй за калена”, як ён сам любіць казаць. Але ці было паўстанне, перавыбары, страйкі? Нічога не было. Я не хачу сказаць, што ўсяго гэтага сёння не атрымаецца. Сацыяльна-эканамічнае самаадчуванне беларусаў вельмі пагоршылася, але яшчэ не факт, што ўсё гэта сканцэнтруецца на фігуры кіраўніка краіны. У такой сітуацыі насельніцтва вельмі часта сумуе па цвёрдай руцэ. Проста трэба халодна канстатаваць гэтыя лічбы”.