Будучы жыхар дома "для сілавікоў" ва Уруччы: Сабе медаль не даў бы
... затое амапаўцу Эдуарду дадуць крэдыт на будоўлю дома пад 5% ва Уруччы. Дом пабудуюць насуперак жаданням мясцовых жыхароў.
Даведацца спісы жыхароў скандальна вядомага “дома сілавікоў” у мінскім мікрараёне Уручча не так проста. Амаль усе “не ў курсе”. Хоць, паводле пашпарта аб’екта, дом павінны пабудаваць праз год.
“Хто сказаў, што тут будуць жыць сілавікі? Не толькі сілавікі, але і іншыя людзі. А калі і сілавікі, то што — яны не грамадзяне Рэспублікі Беларусь?”, — кажуць Еўрарадыё ў “Мінскім домабудаўнічым камбінаце”.
Таму тэлефаную ў... АМАП. І адразу памочнік дзяжурнага старэйшы прапаршчык Эдуард на пытанне “Ці не ведаеце вы, хто будзе жыць ва Уруччы?” радасна адклікаецца:
“Я таксама буду там жыць!”
Ну вось! Калі ласка, старэйшы прапаршчык будзе мець аднапакаёвую кватэру.
Эдуард распавядае, што грошы на будаўніцтва кватэры возьме ў банку:
“Пакуль толькі афармляем крэдыт, пад 5%, — і наракае, што банк крэдытуе толькі частку будаўніцтва: Банк жа крэдытуе толькі 27 квадратаў, астатняе прыйдзецца шукаць дзесьці”.
Кошт будучай кватэры немаленькі — 350 мільёнаў. Па падліках Еўрарадыё, квадратны метр абыйдзецца прыкладна пад 7 мільёнаў, таму наш прапаршчык яшчэ не ведае, як будзе плаціць. Заробак памочніка дзяжурнага — 3,8 мільёны рублёў.
На тое, што астатнім беларусам банк выдае крэдыт пад 30% спецназавец адказвае:
“Ну, гэта ж не я вырашаю, не ад мяне залежыць. Я скажу, што мне добра”.
Пытаюся, ці далі б вы сабе медаль за геройства? Мо затрымалі нейкіх злачынцаў ці папярэдзілі злачынствы і атрымліваю больш чым сціплы адказ службоўцы:
“Не, ну нічога асаблівага і яркага не было, не памятаю”.
Амапавец Эдуард на службе з 1996 года — прыйшоў у “органы” пасля машынабудаўнічага каледжа і арміі. Спачатку проста патруляваў вуліцы і толькі апошнія гады служыць памочнікам дзяжурнага — каардынуе працу патрулёў. Больш за 15 гадоў матаецца — "інтэрнат — здымнае жыллё — службовае жыллё". Цяпер чакае заканчэння будаўніцтва дома — хочацца нечага свайго.
“Я нядаўна быў на пачатку будаўніцтва дома, там ужо пачаліся працы. Службовае жыллё ж — гэта чужое. Скончыцца служба — на вуліцу ісці?, — пытаецца ў мяне Эдуард і нават выказвае спачуванне будучым суседам па Уруччы: Быццам ўжо супакоіліся — нармальна ўспрымаюць, не ваююць з намі. А раней што рабілася! Я выдатна разумею іх — каму хочацца ўшчыльнення?!”
Цяпер на месцы ссечанага скверу працуе экскаватар, капае катлаван пад фундамент дома...