Амуніцыя і ежа для тыднёвага пахода на пяцярых каштуе як новы IPhone 4s

120720 Marcin_Pokhody.mp3


Найперш нам спатрэбіцца 5 заплечнікаў, 5 спальнікаў і столькі ж турыстычных дыванкоў. Ну і, натуральна, як мінімум 2 намёты. Але адмыслоўцы сцвярджаюць, што 5 намётаў — гэта не толькі больш, але і лепш за 2!

“Каб было не цесна, добра, калі намётаў столькі ж, колькі і людзей. Можна ўзяць звычайныя лёгкія кэмпінгавыя намёты. Цяпер папулярныя двухслойныя, але для Беларусі пойдуць і аднаслойныя. Спальніку дастаткова лёгкага, на звычайным сінтыпоне, на лета. Дыванкі абавязкова”, — распавядае дырэктар турфірмы “Вяршыня” Сяргей Загадскі.

Еўрарадыё ў паходзе. Ілля Маліноўскі.

Рушым у ГУМ, каб прыцаніцца. Пяць лёгкіх кітайскіх намётаў заважаць на 2 мільёны. Спальнік для кожнага і дыванок пад спіну — яшчэ 1,5 мільёна. Не зашкодзіць накідка ад дажджу, кацялок для ежы і заплечнік для кожнага, каб тую ежу цягнуць. У выніку 6,5 мільёна на кампанію. А яшчэ, вядома, сякера, каб здабыць дровы… У прынцыпе, можна шмат прыдумаць рэчаў, якія могуць спатрэбіцца ў паходзе, але спынімся на самым неабходным.

Сняданак у лесе.


Можна крыху зэканоміць, калі ўзяць абсталяванне напракат.

“Адзін спальнік напракат — 11 тысяч суткі. Дыванок — 10 тысяч суткі. Намёт — 25-30 тысяч. У залежнасці ад таго, выходны гэта ці будні”, — расказвае іпэшнік Дзмітры, які здае абсталяванне для паходу. Кацялок і заплечнік у пракат не даюць.

Ашчаджаем на абсталяванні 1,5 мільёна. Але ў паходзе трэба яшчэ і харчавацца! Колькі браць макаронаў і тушаніны?

“Макаронаў трэба браць па 80 грамаў на кожнага чалавека на адну варку. А наогул можна разнастаіць харчаванне. Набываецца ўсё, што група гатовая есці: грэчка, рыс, можна нават бульбу ўзяць. Праўда, яна цяжкая”, — распавядае Еўрарадыё Сяргей Загадскі.

На тыднёвы паход на пяць чалавек трэба 17 кілаграмаў крупаў ці макаронаў. Гэта з запасам. Бярэм з сабой 21 банку тушаніны: па адной на сняданак, абед і вячэру. Таксама цукар, гарбату , каву і згушчонку, каб папесціць сябе.

Ідзем закупляцца ў “Цэнтральны”. На ўсё пра ўсё трацім каля 700 тысяч. Пліткі ў паходзе няма, таму ежу гатуем на вогнішчы.

“Вогнішча мусіць быць акаймаванае. У мангале можна распальваць, ці акапаць паласой мінімум 40 сантыметраў. Нельга распальваць пад сасной вогнішча. Нельга распальваць вогнішчы ў заказніку”, — расказваюць ва Уздзенскай лясной гаспадарцы.

А калі варыць грэчку на вогнішчы не паводле правілаў, можна атрымаць папярэджанне ці нават штраф да 2,5 мільёна.

Агулам наш сямідзённы паход на 5 персон заважыў больш чым на 7 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы можна набыць адзін IPhone 4s. Што праўда, паход можна каштаваць танней, калі вы маеце свой намёт, спальнік, сякеру і кацялок.

Фота: tyrist.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі