Вызвалены Андрэй Саннікаў (фота, відэа)

00.15. Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук датэлефанаваўся Андрэю Саннікаву ў той час, калі ён ехаў з Віцебска ў Мінск.

Еўрарадыё: Тыя некалькі гадзін, што вы знаходзіліся на кватэры Сяргея Парсюкевіча ў Віцебску, вам немагчыма было датэлефанавацца – журналісты абрывалі тэлефон. А ці паспелі вы за гэтымі тэлефанаваннямі пагаварыць з жонкай, з сынам?

Андрэй Саннікаў: Відавочна, я перш за ўсё паразмаўляў з жонкай, з маці, з сынам.

Еўрарадыё: І як сын адрэагаваў на ваш голас у тэлефоне?

Андрэй Саннікаў: Ведаеце, мы адзін аднаго не бачылі ўжо год і амаль чатыры месяцы. Таму ён… Я не ведаю, як ён адрэагаваў. Але ён сказаў, што ён крыху саромеецца. І я яго разумею.

Еўрарадыё:Ваша жонка на навіну пра ваша вызваленне сказала: “Не паверу, пакуль не ўбачу яго на свабодзе!” Пачуўшы ваш голас ў тэлефоне яна нарэшце паверыла?

Андрэй Саннікаў: Ведаеце, у мяне падобныя адчуванні. І пакуль я не дайду да хаты… Я пакуль яшчэ не ведаю – на якім я свеце зараз!

Еўрарадыё: Але  і зараз ужо побач сябры, паплечнікі – павінна быць адчуванне, што нешта ўсё ж змянілася?

Андрэй Саннікаў: Відавочна, што змянілася! Але пакуль я яшчэ асэнсоўваю ўсё і нейкіх асаблівых адчуванняў проста не маю.

Еўрарадыё: Пра што вы марыце па вяртанні дахаты? З самых простых побытавых рэчаў?

Андрэй Саннікаў: Найперш – дайсці да хаты. Проста пра гэта не думаю, сапраўды. Вярнуцца, абняць жонку, сына, маці, а што рабіць далей – гэта ўжо другаснае.

Еўрарадыё: Вас вызвалілі на падставе напісанага вамі прашэння. Пад уплывам чаго…

Андрэй Саннікаў: Я не буду зараз нічога каментаваць, добра? Пакуль.

23.30 Па прыездзе Андрэй Саннікаў, магчыма, сустрэнецца з журналістамі на цэнтральным вакзале, інфармуе "Наша Ніва". Пасля вызвалення з наваполацкай калоніі яго прыняў у сябе ў гасцях віцебскі актывіст Сяргей Парсюкевіч.

21.00 У інтэрв’ю Радыё Свабода вызвалены палітык сказаў, што не гатовы адказаць на пытанне, як ён ставіцца да Лукашэнкі, які падпісаў памілаванне. Ён таксама сказаў, што пакуль не гатовы адказаць на пытанне пра свае планы.

Саннікаў заявіў, што на здароўе не скардзіцца, але мае прастуду. Ён паведаміў і пра некаторыя абставіны свайго вызвалення. Прыкладна а 17.30 яго выклікалі ў адміністрацыю калоніі “Віцьба-3” і сказалі збіраць рэчы. Потым паказалі даведку, у якой быццам бы была спасылка на ўказ прэзідэнта пра памілаванне. Саннікаў хуценька сабраў рэчы, яго завезлі на чыгуначны вакзал. Адтуль ён патэлефанаваў жонцы і адвакату.

Экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіўся ў зняволенні ад 19 снежня 2010 года. Андрэй Саннікаў сёння быў вызвалены з наваполацкай калоніі.

З Віцебску яго павінен забраць Аляксандр Атрошчанкаў, які быў прэс-сакратаром палітыка на прэзідэнцкіх выбарах. Зараз машына Атрошчанкава знаходзіцца на палове шляху да Віцебска.


20.20 Як паведаміла Еўрарадыё жонка экс-кандыдата Ірына Халіп, Андрэй Саннікаў здолеў зрабіць адзін кароткі званок з міжгароднага тэлефона-аўтамата. У размове ён толькі паспеў паведаміць, што знаходзіцца на свабодзе. На пытанне, як праходзіла вызваленне, адказаў коратка: "Як пасадзілі, так і вызвалілі".

Паводле звестак ЦВК, Андрэй Саннікаў на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года набраў 2,43% галасоў выбаршчыкаў і заняў другую пазіцыю пасля Аляксандра Лукашэнкі, які меў 79,65% галасоў.

Увечары 19 снежня 2010 года пасля разгону акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску, Саннікава арыштавалі і з таго моманту ён не выходзіў з-за кратаў. У траўні 2011 года яго асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта арганізацыю “масавых беспарадкаў”.

У канцы студзеня стала вядома, што Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Жонка палітвязня Ірына Халіп заяўляла, што гэта было зроблена ў выніку катаванняў.

5 красавіка на нарадзе па знешняй палітыцы Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час разгледзіць пытанне аб памілаванні некаторых асуджаных палітыкаў. Пры гэтым кіраўнік краіны заўважыў, што “у нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў”.  Па словах Лукашэнкі, сваякі зняволеных апазіцыянераў папракаюць яго ў тым, што ён абяцаў памілаваць, але пакуль гэтага не зрабіў. “Я папярэдзіў, што пытанне памілавання гэтак званых палітвязняў — гэта, перадусім, іх зварот з просьбай аб памілаванні. Я адразу публічна пра гэта сказаў. Не хочаш звяртацца — ніхто і разглядаць не будзе. Сядзі”, — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама сказаў, што даручыў адпаведным службовым асобам праверыць, ці не былі прашэнні аб памілаванні напісаныя пад прымусам.

На сёння ў калоніях застаецца яшчэ 11 апазіцыянераў, якіх праваабаронцы лічаць палітзняволенымі. Сярод іх яшчэ адзін былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч (6 гадоў калоніі, прашэнне аб памілаванні не пісаў). Таксама ў турмах застаюцца лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч (2 гады калоніі, прашэнне не пісаў).

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі