Андрэй Юраў: Гэты скандал зноў балюча ўдарыць па прэстыжу Беларусі

Кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў у жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў рашэнне беларускіх уладаў пра яго дэпартыцыю.

Юраў: "Я правёў ноч у дзяжурнай частцы, пасля чаго сёння мне было прад'яўлена пастанаўленне пра спыненне менавіта крымінальнай справы, бо даказана, што я не быў паінфармаваны патрэбным чынам. Але пры гэтым паведамлялася, што я сапраўды непажаданая асоба на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і я павінен цягам 24 гадзінаў пакінуць гэтую краіну".


Еўрарадыё: Вам тлумачылі дакладна, якім чынам вы "умешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі"?


Юраў: "Гэта вельмі цікава, у пастанаўленні, якое я пабачыў, там няма такіх словаў. Я магу сказаць, што адзінае, чым я рэгулярна займаўся, гэта праводзіў экспертную ацэнку сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў рамках Міжнароднай назіральнай місіі. Што вельмі важна, гэта з'яўляецца цалкам легальнай, законнай дзейнасцю ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі і абавязкамі, якія на сябе прыняла ў тым ліку і Беларусь. Напрыклад, дэкларацыя ААН аб правах і абавязках праваабаронцаў.

У гэтым сэнсе ні ў якой ступені правы чалавека ніколі не з'яўляюцца ўнутранай справай ніводнай дяржавы. Я працаваў у шматлікіх краінах, дзе сітуацыя нашмат горш, чым у Беларусі, і ніколі мяне не абвінавачвалі ў тым, што я ўмешваюся ва ўнутраныя справы, бо ўсе цудоўна разумеюць, што менавіта правы чалавека — гэта не ўнутраныя справы, а гэта пытанне заклапочанасці ўсяго чалавецтва. Таму, калі менавіта гэта мая легальная дзейнасць была аб'яўлена такім чынам, то я магу казаць, пра грубейшыя парушэнні ўладамі Беларусі міжнародных нормаў і стандартаў і іх жа абавязкаў".


Еўрарадыё: Вы сёння з'язджаеце з Беларусі?


Юраў: "Дзякуючы нашым сябрам і калегам (праваабаронцам, юрыстам і адвакатам) мы будзем, вядома ж, абскарджваць само рашэнне пра ўнясенне мяне ў такі спіс, бо я працую ў шматлікіх краінах як эксперт. З іншага боку, я пакуль з'еду з Беларусі цягам 24 гадзінаў, але я гэта абскарджу, бо я маю намер вярнуцца і далей працягнуць працу ў рамках Міжнароднай назіральнай місіі.


Думаю, што зараз мы звяжамся з вялікай колькасцю міжнародных арганізацыяў, якія павінны патлумачыць Беларусі, што экспертыза з правамі чалавека гэта зусім не яе ўнутраная справа. І выстаўленне з краіны менавіта міжнародных назіральнікаў, міжнародных праваабаронцаў — гэта каласальны скандал, які, я не ведаю, навошта задуманы, бо ён чарговы раз вельмі балюча ўдарыць па прэстыжу Рэспублікі. Я думаю, што гэта здзейснілі нейкія чыноўнікі, якія проста не зразумелі, што яны зрабілі, магчыма, што яны будуць вышэйстаячым начальствам пакараныя".

Фота — tribunatv.org.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі