Андрэй Юраў на волі, але сёння ён мусіць з'ехаць з Беларусі

11.20. Расійскі праваабаронца Андрэй Юраў выйшаў на волю, аднак сёння мусіць з'ехаць з Беларусі. Ён атрымаў паперу, паводле якой 2 гады не зможа прыязджаць у нашу краіну.

***

10.45. Як стала вядома, Юрава чакае пазбаўленне права на ўезд у Беларусь на 2 гады. Прычына — "ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі". Ініцыятыву ў гэтай справе праявіў КДБ. Такую інфармацыю здолеў сёння атрымаць прадстаўнік расійскай амбасады, паведаміла Еўрарадыё Алена Танкачова.

***

Як паведаміла Еўрарадыё старшыня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова, аб 11 гадзіне кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэя Юрава павядуць на допыт. Пасля гэтага, верагодна, будзе суд над расійскім праваабаронцам, якога абвінавачваюць у "незаконным перасячэнні мяжы".


Алена Танкачова: “Пасля допыту, калі размова ўсё ж будзе ісці аб адміністрацыйным правапарушэнні, павінна адбыцца судовае разбіральніцтва ў судзе Савецкага раёна. Калі будзе нешта іншае, то паглядзім, як будуць развівацца падзеі пасля допыту. Яго абвінавачваюць у незаконным перасячэнні мяжы — нібыта ён знаходзіцца ў нейкіх спісах людзей, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.


Найхутчэй, кажа Алена Танкачова, расійскага назіральніка чакае альбо прымусовая дэпартацыя, альбо яму дадуць час самастойна пакінуць межы Беларусі.


Адначасова яна звяртае ўвагу на тое, што мяжы паміж Беларуссю і Расіяй няма і таму незаконна перайсці яе даволі складана. Да ўсяго, праваабаронцы сцвярджаюць, што першы раз чуюць пра існаванне спісу неўяздных грамадзян Расіі.


Нагадаем, што 16 сакавіка ў мінскую кватэру, дзе жыў Юраў, прыйшлі супрацоўнікі Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Савецкага раёна сталіцы. Яны папрасілі праваабаронцу прад'явіць дакументы, што ён і зрабіў. Пашпарт быў у парадку, аднак Андрэю Юраву паведамілі, што з 4 сакавіка ён знаходзіцца "у базе неўязных" у Беларусь. Пасля яго адвезлі ў РУЎС Савецкага раёна. Ноч расійскі праваабаронца правёў у пастарунку.

***

ОНЛАЙН Еўрарадыё ад 16 сакавіка

Андрэй Юраў — кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — зараз [22:32, 16 сакавіка 2011 г. — Заўв. Еўрарадыё] знаходзіцца ў РАЎС Савецкага раёна Мінска. Цалкам магчыма, што яго рыхтуюць да дэпартацыі з Беларусі.


16 сакавіка місія прыняла адмысловы зварот, у якім рэкамендуе беларускім уладам запрасіць экспертаў АБСЕ для расследавання падзей 19 снежня. У той жа дзень, прыкладна ў 21:10, у мінскую кватэру, дзе жыў Юраў, прыйшлі супрацоўнікі Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Савецкага раёна Мінска. Яны папрасілі праваабаронцу прад'явіць дакументы, што ён і зрабіў. Пашпарт быў у парадку, аднак Андрэю Юраву паведамілі, што з 4 сакавіка ён знаходзіцца "у базе неўязных" у Беларусь. Пасля яго адвезлі ў РАЎС Савецкага раёна Мінска.


Каля 22:20 Юраў пакінуў там тлумачальную запіску, што не валодаў інфармацыяй пра тое, што ўключаны "у базу неўязных". Складаннем запіскі кіраваў старэйшы лейтэнант міліцыі — супрацоўнік РАЎС Савецкага раёна Мінска.


Праваабаронца не ведае, з якіх прычынаў ён можа быць непажаданай персонай у Беларусі. Па яго словах, ён не меў дачынення да якіх бы то ні было супрацьпраўных дзеянняў. Тым не менш, ён мяркуе, што ўключэнне яго прозвішча ў "базу неўязных" можа паслужыць падтавай да яго дэпартацыі з краіны.


На 22:49 16 сакавіка сувязь з Андрэем Юравым перарвалася. Яго тэлефон недасяжны.


23:00, 16 сакавіка. Адкрытыя крыніцы ў інтэрнэце паведамляюць, што Андрэю Юраву пагражае крымінальны пераслед за пазапраўнае перасячэнне беларускай мяжы. Па частцы 2 артыкула 371 Крымінальнага кодэкса Беларусі праваабаронцы можа пагражаць арышт на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.


23:30, 16 сакавіка. Тэлефон Юрава па-ранейшаму недасяжны. Па апошніх звестках, у затрыманага канфіскавалі ўсе рэчы. На ноч яго збіраюцца пакінуць у РАЎС Савецкага раёна Мінска.


23:40, 16 сакавіка. Па неправераных звестках, да высвятлення абставінаў затрымання Андрэя Юрава далучыліся расійскія дыпламаты, якія працуюць у Беларусі.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі