Апазіцыя: не сачыць за падлікам галасоў, а лічыць выбаршчыкаў “па галовах"

120910 Luka6uk Padlik.mp3

У гэтую суботу Аб’яднаная грамадзянская партыя заявіць ад зняцці з выбараў усіх сваіх 36 кандыдатаў. І зоймецца падрыхтоўкай да “актыўнага назірання” — будуць лічыць “па галовах” выбаршчыкаў, якія рэальна прыйшлі да урны, тлумачыць лідар АГП Анатоль Лябедзька. А навошта?


Анатоль Лябедзька: “Калі мы фіксуем рэальную яўку і прыйшло 70% людзей, то гэта азначае, што вотум недаверу Лукашэнку і яго палітыцы не праходзіць. А калі мы фіксуем яўку 40-45%, то гэта азначае, што наша пасланне дайшло да людзей, што ўлада трымаецца не на падтрымцы людзей, а на маніпуляцыях, фальсіфікацыях і сілавых структурах”.


Лічбы ж гэтыя патрэбныя АГП не толькі для таго, каб суцешыць сябе, што план удзелу ў выбарах мае нейкі поспех, але і каб давесці іх людзям. Можа, яны пачнуць далучацца да кампаніі “Справядлівыя выбары без Лукашэнкі”?


Сваімі назіральнікамі АГП плануе ахапіць некалькі сотняў участкаў для галасавання. З 6349, створаных па ўсёй краіне. Гэта розніца ў лічбах не засмучае. Лябедзька кажа, што гэта будзе кропкавае назіранне. А! Да ўсяго яно будзе “актыўным”. На пытанне, чым “актыўнае” адрозніваецца ад “пасіўнага”, Лябедзька тлумачыць — людзі будуць з актыўнай пазіцыяй. Дрыжы ЦВК!


Некалькі соцень назіральнікаў заменяць 31 кандыдата ад Партыі БНФ, тыя таксама здымаюцца. Адсочваць працэс падліку галасоў не будуць, а будуць проста лічыць галовы выбаршчыкаў. БНФ гэтыя лічбы патрэбныя для таго... каб выбары не былі прызнаныя справядлівымі.


Рыгор Кастусёў: “З досведу кампаніі 2008 года: на другі ж дзень мы правялі прэс-канферэнцыю і давялі такую інфармацыю і да журналістаў, і да назіральнікаў АБСЕ. Я лічу, што тая інфармацыя ў пэўнай ступені паўплывала на тое, што сусветная грамадскасць не прызнала выбары справядлівымі”.


Былы назіральнік на прэзідэнцкіх выбарах, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка называе гэтыя намаганні з назіраннем і падлікам “галоў” дарэмнымі, а здабытыя лічбы — непатрэбнымі.


Алег Хаменка: “Гэтая інфармацыя не турбуе нікога. Калі б можна было палічыць усіх на ўсіх участках, калі б можна было быць упэўненым, што можна палічыць датэрміновае галасаванне. Яго ўвогуле ніхто не палічыць! Гэтай інфармацыі ніхто не баіцца, і яна нічога не вызначае!”


Спявак сцвярджае — звесткі па асобных участках будуць адпавядаць падлікам назіральнікаў. Але вырашальнай будзе лічба, якую агучыць у выніку старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. І даказаць, што яна несапраўдная, немагчыма.

Фота: photo.bymedia.ne

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі