Apple Tea заняліся дабрачынным выхаваннем талентаў (Фота, відэа)

120504 Malina AT.mp3

"Сустракайце! Перад вамі Apple Tea і Аляксандра Захарык! Гэта будзе музыка ў стылі фанк, у стылі соўл... будзе менш джазавых стандартаў, але больш папулярных, часам, нечакана аранжыраваных песень, якія вы ўсе добра ведаеце, - аб’явіў выхад вядомых беларускіх джазмэнаў вядучы імпрэзы Зміцер Падбярэзскі.

Як высветліла Еўрарадыё, музыкі Apple Tea даўно хацелі зрабіць адмысловую, клубную праграму з любімых песень. Але апошнім штуршком для ажыццяўлення гэтай ідэі стала менавіта знаёмства з маладой вакалісткай.

"Наш саксафаніст (Ігар Люты) аднойчы працаваў разам з Сашай Захарык, халтура была, - распавядае лідар "Яблычнай гарбаты" Ігар Сацэвіч. - Давялося працаваць каля трох гадзін і выконваць джазавыя стандарты. І, натуральна, саксафаніст быў здзіўлены тым, што маладая дзяўчына ведае так шмат джазавых стандартаў. З гэтай нагоды мы і вырашылі звярнуць увагу менавіта на Сашу".

Аляксандра вельмі прафесійна і смела трымаецца на сцэне, тэмбр і манера яе выканання ўражваюць, і нават падаецца, што слухаеш сапраўднага носьбіта аўтэнтычнага соўла. Яе выхад да Apple Tea быў настолькі энергічным, што на палове першай жа песні ў гітарыста Міхаіла Філіпені лопнула струна.

Вядучы джазавых чацвяргоў у клубе Coyote Зміцер Падбярэзскі, у межах якіх і адбыўся выступ  Apple Tea, не хавае захаплення вакальнымі дадзенымі маладой спявачкі і зусім не здзіўляецца цалкам незвычайнай праграме для вядомых джазавікоў.

"Я так лічу, што гэта спецыяльна разлічаны праект, - кажа Зміцер, адрываючы позірк ад сцэны. - З боку Apple Tea гэта вельмі такая дабрачынная акцыя - дапамагчы маладой спявачцы зрабіць першыя крокі. Я так лічу і вельмі гэта вітаю. У Apple Tea ёсць вялікі досвед, і каму, як не ім дапамагаць сталенню нашых маладых талентаў".

Праўда, вельмі сціплыя прывітальныя словы Сашы ды рэдкія выказванні паміж песнямі выдалі тое, што дзяўчына вельмі хвалюецца. Яшчэ б! Праграма была зробленая літаральна за некалькі гадзін рэпетыцый.

"Узровень музыкаў відавочны, ён вельмі высокі, - дзеліцца ўражаннямі ад супрацоўніцтва з Apple Tea Саша Захарык. - Таму пэўнае хваляванне прысутнічала. Але з іншага боку ты адчуваеш, што ў цябе за спіной такая моц, якая ў любы момант, нават калі, крый Божа, ты выпадкова саскочыш ці не там уступіш, імгненна падхопіць цябе. Пры гэтым ніхто нічога не заўважыць. Нават і я, напэўна, не заўважу. Карацей, яны вельмі крутыя".

Нягледзячы на пачуццё гонару, Саша прызналася, што адчувае і пэўную самоту, бо не ведае, што будзе далей: маўляў, Apple Tea - гэта вяршыня для Беларусі, і калі забыцца пра тое, што "няма мяжы дасканаласці", то і рухацца далей няма куды. Але самі "фірмачы" ўжо прыдумалі для Сашы наступны крок. Музыкі плануюць папрацаваць над аўтарскімі песнямі маладой спявачкі.

"Пачынала я як падлетак з падлеткавым максімалізмам – з ракешніка, - расказвае пра сваю творчасць Аляксандра. - Зараз я перастроілася на больш "фірмовую" музыку, аддаю перавагу фанку. Мы ўжо паразмаўлялі з музыкамі і плануем запісаць мае песні. Стоадсоткава атрымаецца нешта вельмі добрае, але ці будзе гэта мець нейкае далейшае развііцё пакажа час".

Зараз Аляксандра рыхтуецца да апошняй сесіі ва ўніверсітэце, таму больш плённае супрацоўніцтва з Apple Tea яна плануе пасля іспытаў, прыкладна праз месяц. А пакуль музыкі сарвалі гучныя апладысменты ды выступ "на біс" у, на жаль, невялікай аўдыторыі клуба Coyote.

Вось так модна выглядаў працаўнік сцэны ў клубе:)

Перад Apple Tea выступаў даволі цікавы гурт Gabriel & Acoustic Blues, вакаліст якога сваімі рухамі вельмі нагадваў Джо Кокера.

 

Дарэчы, у наступны чацвер 10 траўня ў межах тых жа джаз вечароў клуба Coyotе адбудзецца выступ украінскага гурта The Blues Nephews ды мінскага калектыва Cross B Band.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі