Арамнаў: У Беларусі я са сваімі рэкордамі нікому не патрэбны!
У размове з Еўрарадыё цяжкаатлет распавёў, чаму прапускае чэмпіянат свету, паскардзіўся на беларускую бюракратыю і абверг чуткі пра тое, што ўжываў марыхуану. У
“Не хочуць, каб я выступаў увогуле, – абураецца спартовец. – У
Беларусі я са сваімі месцамі і рэкордамі нікому не патрэбны! Нікому
гэта не цікава. І мне таксама стала нецікава. Бо пасля таго, як я
выступіў на чэмпіянаце Еўропы, я паехаў дамоў, і пра мяне забыліся.
Ніводнага разу ніхто не патэлефанаваў, акрамя асабістага трэнера… Хіба
што ён пытаўся, як справы”.
У песімізма Арамнава ёсць
падставы. Беларускі штангіст прапускае чэмпіянат свету, які гэтымі днямі
праходзіць у Турцыі. Па словах спартоўца, узяць удзел у мерапрыемстве
яму перашкодзіла паўгадавая дыскваліфікацыя. Яна пачалася неўзабаве
пасля таго, як далі станоўчы вынік допінг-спробы, узятыя пасля
красавіцкага чэмпіянату Еўропы, што адбыўся ў Мінску.
Андрэй Арамнаў: “Я
ж, здаецца, папаўся ў Мінску пасля чэмпіянату Еўропы. І
дыскваліфікавалі мяне на паўгода. Але вось што мяне абурае: ніхто не
тэлефануе, нічога не паведамляе… Проста “папрасілі” мяне са збораў, і
ўсё.
Але ўжо 6 снежня я вяртаюся!”
Праўда, словы штангіста абвяргае дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла:
“Ні
пра якія дыскваліфікацыі пакуль што казаць нельга. У мяне ніякіх
дакументаў няма, і, наколькі я ведаю, у нашых штангістаў няма. Цяпер
ідзе чэмпіянат свету, падчас якога будзе адбывацца пасяджэнне
міжнароднай дысцыплінарнай камісіі, якая і будзе разглядаць пытанні
санкцыяў за допінг. Шанец на дыскваліфікацыю ў Арамнава ёсць: усё будзе
залежаць ад таго, ці прызнае камісія правільным праведзенае даследаванне
спробаў. Калі прызнае, што ўсё там добра – натуральна, будзе ставіцца
пытанне пра санкцыі”.
Пакуль збіраецца дысцыплінарная камісія, Арамнаў амаль не трэніруецца і набірае вагу.
“Я перапыніў трэніроўкі. Але падтрымліваю ўвесь час форму, – распавядае Арамнаў. – Я
сам па сабе нармальны моцны мужычок такі. Я займаюся спортам, таму што
мне гэта падабаецца. Займаюся з дзяцінства. І як па мне, дык я ўвесь час
займаўся спортам для сябе, для свайго настрою. Бо мне гэта падабаецца.
Апошнім
часам, калі я выступаў, я выходзіў у вагавой катэгорыі да 105 кг. Але
зараз наспеў час пераходзіць у іншую катэгорыю. Бо цяпер я важу пад 110
кг і адчуваю сябе вельмі добра”.
Па словах Арамнава,
каб набраць аптымальную форму, штангісту спатрэбіцца 2-3 месяцы. Але,
цалкам магчыма, што вярнуцца ў снежні ў вялікі спорт Арамнаву
перашкодзіць чарговы скандал.
У жніўні 2010 года супрацоўнікі ДАІ
ў трэці раз злавілі барысаўскага штангіста за рулём нападпітку. Летась
цяжкаатлет быў пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем. Але, як піша
газета "Прессбол", 2 жніўня ён кіраваў аўтамабілем "Audi-ТТ",
"знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення".
“Так, пра гэта я ведаю, – распавёў Арамнаў. – Ну дык а што ж… Калі я звычайны чалавек – чаму ж мне не патрапіцца…”
22 верасня суд аштрафаваў Арамнава на 3,5 тысячы долараў.
Крыху раней стала вядома, што Арамнаў
"запаліўся" і на ўжыванні наркотыкаў. Са спасылкай на сайт "Польская
штанга" той жа "Прессбол" паведамляе, што ў допінг-пробе Арамнава,
узятай пасля чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы, знайшлі сляды
марыхуаны.
“Што там знайшлі?! Нічога сабе, першы раз чую пра гэта! – Абураецца Арамнаў. – Марыхуану ніколі ў жыцці не каштаваў, кажу шчыра!”
Марыхуана
забароненая спартовымі органамі толькі ў перыяд спаборніцтваў, таму
беларускі штангіст можа пазбегнуць санкцыяў па гэтай справе.