Арганізатары "дэсанту мядзведзікаў" прапануюць прыляцець на ЧС па хакеі
Швед Пэр Кромвэл звярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Еўрарадыё публікуе поўны пераклад ліста, які зрабіў ЖЖ-юзэр pgrigas.
"Вітаю, Аляксандр!
У мінулую пятніцу вашае КДБ арыштавала студэнта Антона Сурапіна за публікацыю фотаздымкаў лялячных мядзведзікаў, якія "Студыя Тотал" скінула на Беларусь. Ад гэтай пары Сурапін быў зьмешчаны ў будынку КДБ і не можа ніяк кантактаваць з навакольным светам, пры гэтым ніякія фармальныя абвінавачванні супраць яго не вылучаныя. Такім чынам, мы хочам удакладніць наступныя факты:
Студыя Тотал (Studio Total) ніколі не паведамляла Антону Сурапіну як і любому іншаму грамадзяніну Беларусі пра тое, што яна планавала зрабіць. Мы вельмі любім (паважаем) іх і захапляемся беларусамі, каб падвяргаць іх такой рызыцы. Усё, што мы хацелі ведаць пра вашу супрацьпаветраную абарону, няцяжка было знайсці ў Інтэрнеце (Wikipedia), апісанне было ўсюды аднолькавае: жорсткі, але моцна няспраўны механізм, які болей падыходзіць для парадаў і для пераследу грамадзянскіх асоб.
Так, мы ведалі, што вы загадалі збіць паветраны шар, які дрэйфаваў праз мяжу ў Беларусь, і тым самым забілі двух нявінных людзей. Мы таксама ведаем, што вы рэгулярна замаўляеце напады на невінаватых журналістаў, студэнтаў і прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама кідаеце іх у турму. Усё гэта насамрэч прыкметы слабасці і страху.
Нядаўна вы абвясцілі, што асабіста гарантуеце эфектыўнасць беларускай абароны. Вы ўклалі 20 мільярдаў еўра ў сістэмы СПА, якія не маглі выявіць невялічкі самаробны самалёт з грузам плюшавых мядзведзікаў. Павел Казлоўскі, былы міністр абароны Беларусі, трапна сказаў: вы стварылі рэжым, які траціць высілкі, каб пацыент выглядаў здаровым, але не на яго лячэнне.
Рэпартажы ў расійскіх СМІ, якія вы не наважваецеся цэнзураваць, прымусілі многіх людзей смяяцца з вас. У інтэрнэце вы выглядаеце клоўнам. Але мы не наіўныя. Вы нешта болей страшнае — клоўн узброены. Але ў доўгатэрміновай перспектыве нават узброены да зубоў клоўн не зможа спыніць людзей ад смеху. І калі людзі будуць смяяцца з вас, нават вашыя сябры не будуць вас падтрымліваць.
Наш вам парада такая: вазьміце сябе ў рукі, пакуль не стала занадта позна. Выкарыстайце частку фінансавых рэсурсаў, якія вы марнуеце на КДБ і ваенныя парады, каб вывесці краіну з фінансавага крызісу. Што яшчэ больш важна - будзьце менш палітычна актыўным. Можа быць, вы маглі б трохі больш гуляць у хакей ? Гавораць, што гэта ў вас атрымліваецца нядрэнна. Ці не цудоўна было б, для разнайстайнасці, выйграць без падаману? Вы лідар краіны, у якой жыве цудоўны народ. Ён заслугоўвае пераменаў.
Але калі вам абсалютна неабходна некага крыўдзіць і саджаць у турму — чаму б не запрасіць нас? Урэшце, менавіта мы былі тымі, хто лятаў на самалёце, а не які-небудзь бедны хлопец, які выпадкова прадаў нам шакаладку. Мы абяцаем вам прыехаць і адказаць на ўсе вашы пытанні і распавесці вам усё пра нашую акцыю. Як мы ляцелі, як мы ашукалі вашу сістэму СПА і гэтак далей. Усё, што вам трэба зрабіць, — гэта абяцаць болей не катаваць з прычыны асабістай фрустрацыі нявінных мінакоў.
Ці можа, мы павінны проста калі-небудзь да вас заляцець? Напрыклад, падчас чэмпіянату свету па хакеі?
З найлепшымі пажаданнямі ад імя Студыя Тотал
Пэр Кромвэл