Аўтара плаката "Мусарок" пакінулі за кратамі
Іван Амельчанка мусіў выйсці на волю з ізалятара на вул. Акрэсціна ў Мінску, але на яго склалі новы пратакол.
Нагадаем, што на сёлетнім "Чарнобыльскім шляху" Іван Амельчанка зладзіў перфоманс "Мусарок", які выклікаў вялікі рэзананс (на сённяшні дзень відэа з акцыі на youtube мае больш за 250 тысяч праглядаў). Некалькі тыдняў яго шукалі міліцыянты. 15 траўня хлопец сам здаўся міліцыі, а на наступны дзень Ленінскі суд сталіцы адправіў Івана Амельчанку на 15 сутак за краты. У судзе міліцыянт Кандрацьеў (гэта ён здымаў шэсце на відэа) заявіў, што Амельчанка сваім плакатам абразіў яго і іншых супрацоўнікаў міліцыі.
Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб у інтэрв'ю Еўрарадыё назваў прысуд аўтару плаката “Мусарок” глупствам. На яго думку, Амельчанку дастаткова было выклікаць на “тлумачальную” размову да міліцыянтаў і гэтым абмежавацца.
Як паведамляе тэлеканал "Белсат", у сераду пасля заканчэння тэрміну Івана Амельчанку завезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе склалі пратакол за "хуліганства".