Багдонас: Лукашэнка пакуль не адказаў, ці прыедзе ў Вільню

Дваццаць гадоў таму 124 дэпутаты Вярхоўнага Савета Літвы падчас пайменнага галасавання выказаліся за тое, каб гэтая краіна стала незалежнай, і выступілі за выхад са складу Савецкага Саюза. Не ўсім гэта спадабалася, і ў выніку супрацьстаяння савецкіх войскаў, размешчаных у Вільні, і прыхільнікаў незалежнасці загінулі людзі. Загінулыя сталі нацыянальнымі героямі, а генерал Усхопчык, які камандаваў савецкім вайскоўцамі, знайшоў прытулак у Беларусі. Стаўленне да гэтага факта ў Літве адназначнае.

Эдмінас Багдонас: “Гэта здарылася ў студзені наступнага года (пасля абвяшчэння незалежнасці. — Еўрарадыё). І калі ацэньваць гэта з пазіцыі, што дзейнічаў у рамках канстытуцыі СССР, то гэта можна ацэньваць як агрэсію на тэрыторыі незалежнай дзяржавы. І мы з гэтага сыходзім. Але самае страшнае, што загінулі людзі. І яны ў нас нацыянальныя героі, якія пахаваныя на Нацыянальных могілках. І ўсіх нашых гасцей, якіх мы прывозім у Літву, як вы сваіх гасцей везяце на плошчу да Вечнага агня, так мы вязем на гэтыя могілкі, дзе пахаваныя гэтыя людзі”.

Менавіта таму той факт, што ў нашай краіне нейкім чынам нарэшце адрэагавалі на патрабаванні Літвы прыцягнуць генерала Ўсхопчыка да адказнасці і апыталі ў Генеральнай пракуратуры, нашы суседзі ўспрымаюць станоўча.

Эдмінас Багдонас: “Гэта было ацэнена. Сам факт таго, чаго не было шмат гадоў. Раней на гэты конт увогуле нічога не казалі. А тут ёсць адказ. Я думаю, што тут ёсць магчымасці далейшага супрацоўніцтва”.

У дадзеным выпадку, кажа, галоўны нават не факт пакарання генерала, а тое, што нашы краіны могуць па гэтым пытанні паразумецца.

У якасці сустрэчнага кроку прэзідэнт Літвы Далі Грыбаўскайтэ запрасіла Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя адноўленай дзяржаўнасці краіны. Але, кажа літоўскі амбасадар, адказу ад беларускага кіраўніка на запрашэнне да гэтага часу няма.

Эдмінас Багдонас: “Я пацвярджаю, што запрашэнне было. А адказу пакуль няма”.

Пацікавіліся журналісты ў амбасадара, як у яго краіне ставяцца да ўваходжання Беларусі ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. Пытанне выклікала цяжкі ўздых.

Эдмінас Багдонас: “Я прыязджаю ў Літву — мы атрымліваем шмат запытаў і пытанняў: “Як гэта будзе, як гэта дзейнічае?”. Мы звяртаемся тут, але адказаў канкрэтных не атрымліваем: “Паглядзім, як гэта будзе летам”. Я бачу ў вас унутраную дыскусію па гэтых пытаннях: ці будзе пошліна, ці будзе тычыцца вуглевадародаў? Можа вы нешта ведаеце на гэты конт? Скажыце, я вярнуся з гэтымі ведамі і раскажу бізнесменам і прадпрымальнікам”.

Дарэчы, адсутнасць такой інфармацыі дрэнна ўплывае на развіццё далейшых эканамічных узаемаадносінаў паміж нашымі краінамі. Нягледзячы на тое, што таваразварот паміж Беларуссю і Літвой складае каля 1 мільярда долараў у год, казаць пра буйныя інвестыцыі літоўскіх грошай у нашу эканоміку не даводзіцца.

Эдмінас Багдонас:
“Спрабуюць нашы, але каб вельмі паспяхова гэта было… Каб адчувалася павелічэнне прамых інвестыцый — я не магу гэтым пахваліцца”.

Некалькі дзён таму ў Вільні праходзілі слуханні па пытанні будаўніцтва нашай краінай АЭС у Астраўцы. Эдмінас Багдонас назваў гэтыя слуханні “непаспяховымі”. У літоўскага боку засталося больш пытанняў, чым яны атрымалі адказаў.

Эдмінас Багдонас: “Будзем шукаць шляхі да сумеснага ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння. І вельмі спадзяюся, што гэта атрымаецца”.

Што будзе рабіць Літва, калі ўзаемаразумення дасягнуць не ўдасца, ці будуць ужытыя рычагі палітычнага ўціску, Эдмінас Багдонас прагназаваць не стаў. Але, кажа, вельмі хацелася б гэтага пазбегнуць. Каб непаразуменні паміж палітыкамі не адбіліся на простых людзях. І нагадаў, што зараз літоўская амбасада штодня выдае беларусам каля 400 віз. І амаль палова з іх — шматразовыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі