Банкі пачалі зніжаць стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях
“Яшчэ не позна заскочыць у сыходзячы цягнік”, — кажуць эксперты. Еўрарадыё падлічыла, колькі можна было зарабіць на ўкладах у нацыянальнай валюце!
Як заўважыла Еўрарадыё, з панядзелка 9 студзеня былі змененыя стаўкі ў “Белросбанку”. Знізіліся працэнты па ўкладах у беларускіх рублях і ў некаторых іншых банках.
Яшчэ ўчора максімальнай стаўкай у "Белросбанку" была 70% (уклад “Падарачны”). З 9-га студзеня яна складае 67%.
“Нашы працэнты прывязаныя да стаўкі рэфінансавання. Калі яна будзе зніжацца, то будуць зніжацца і працэнты па ўкладах”, — кажуць Еўрарадыё ў МТБ-банку. Нагадаю, што Нацбанк плануе зніжаць стаўку рэфінансавання да 20% да канца года.
У МТБ-банку працэнты па ўкладах у беларускіх рублях застаюцца высокімі, але... таксама зніжаюцца. Самая высокая прыбытковасць захавалася па ўкладзе “Гарант-топ” (69% гадавых). Гэта адзіны ўклад, працэнты па якім застаюцца нязменна высокімі, кажуць у банку.
МТБ-банк: “Ёсць яшчэ такі ўклад, для параўнання, “Гарант-плюс” — на тры месяцы, цяпер складае 56%, а было — 64%, літаральна некалькі тыдняў таму”.
Яшчэ можна паспець пакласці беларускія рублі на ўклад у “Сомбелбанку” з прыбытковасцю 67%. Але, колькі пратрымаецца такі працэнт — невядома…
Сомбелбанк: “Уклад “З Новым годам” — пад 67% гадавых на 12 месяцаў. Сума ўкладу — ад 200 тысяч рублёў. Магчыма, будуць нейкія змены... Па дэпазіце працэнтная стаўка плаваючая. Таму банк можа стаўку мяняць”.
Еўрарадыё падлічыла, колькі можна было зарабіць, калі б вы паклалі 1000 долараў у пераліку на беларускія рублі на ўклад “Падарачны” (“Белросбанк”) у сярэдзіне кастрычніка, калі мы выйшлі на адзіны курс.
1000 долараў па курсе 8680 за долар — гэта 8680000. 70% гадавых — такой яшчэ да ўчорашняга дня была прыбытковасць укладу — даюць прыбытак 6706000 за год. За тры месяцы, то бок да сённяшняга дня, паклаўшы 1000 долараў на ўклад, можна было б зарабіць троху больш за паўтары мільёны.
Стаўкі будуць і далей зніжацца, кажа ў відэаінтэрв’ю infobank.by старшыня праўлення банка ВТБ Дзмітры Фралоў.
Фралоў: “Мы ужо цяпер бачым тэндэнцыю па зніжэнні ставак, якія прапануюць банкі ў беларускіх рублях. Можна яшчэ паспець у сыходзячы цягнік, знайсці дастаткова выгадныя прапановы з боку банкаў і размясціць свае сродкі менавіта ў нацыянальнай валюце”.
Па словах Дзмітрыя Фралова, за месяц стаўкі могуць знізіцца яшчэ на 10%.
Фралоў: “Шмат у чым будзе залежаць ад таго, якім будзе рынак міжбанкаўскага крэдытавання. Сігналам да зніжэння ставак па рублёвых дэпазітах паслужыў акурат гэты паказчык. На сёння стаўкі на міжбанку ўпалі дзесьці да 55% гадавых. І як вынік, банкам стала вельмі дорага прыцягваць сродкі фізічных асобаў”.
Эканаміст Леанід Заіка падзяліўся з Еўрарадыё сваёй схемай, як зарабіць грошы на ўкладах… Але для гэтага трэба мець нашмат больш, чым 1000 долараў!
Заіка: “Можна зарабіць, калі хутка канвертаваць валюту ў беларускія рублі і ўкласці ў банк пад вялікія адсоткі. Я адмыслова цікавіўся ў адным банку літаральна год таму, які ў Беларусі самы вялікі дэпазіт. Мне адказалі — 500 тысяч еўра. Ну можна не 500 тысяч, можна 200 тысяч еўра ўзяць. Перакінуць у рублі, укласці і атрымліваць да 4% за месяц… Калі 200 тысяч еўра знайсці, можна амаль па 5 тысяч еўра за месяц атрымліваць. І 4-5 месяцаў такім чынам пажыць, але даўжэй не рэкамендую”.
І гэта гаворка ішла ўсяго пра 4% гадавых!