Барабанны біт-2011: Дарогу джуніорам!
1 верасня пачынаецца прыём заявак на ўдзел у самым барабанным конкурсе краіны.
Сёмы фестываль "Барабанны біт" мае адбыцца гэтай восенню. Каб павысіць інтарэс і палепшыць якасць сярод удзельнікаў, конкурсная частка "Барабаннага Біта" ладзіцца арганізатарамі па прынцыпе біенале – раз на два гады.
Па словах ініцыятара "Барабаннага біту" і яго нязменнага натхняльніка Аляксандра Сапегі, умовы конкурсу застаюцца нязменнымі ўжо некалькі гадоў – трэба паказаць сябе акампаніятарам і салістам.
Аляксандр Сапега: "Для гэтага трэба выканаць п’есу "пад мінус адзін" ці разам са сваім гуртом. І сыграць сола. То бок прадставіць сябе ў двух іпастасях. Гэта можна сумяшчаць – п’еса, а ўнутры сола. Такім чынам можна зэканоміць і час, і энергію".
У адборачным туры канкурсантам трэба будзе паказаць тры рытмы. Як патлумачыў Аляксандр, гэта робіцца для таго, каб пашырыць рытмічную палітру музыканта.
Аляксандр Сапега: "Каб музыкант здабыў больш ведаў у іншых жанрах і стылях. Напрыклад, можна сыграць рок-н-рол, свінг, самбу, боса-нову і г.д".
Як вядома, пераможцы "Барабаннага біту" "у дадатак" да граматы атрымліваюць і каштоўныя падарункі – добрыя музычныя інструменты. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, арганізатары фестывалю ўсё ж такі змаглі знайсці спонсараў, таму і ў гэтым годзе пераможцы не застануцца без прэзентаў.
Аляксандр Сапега: "Сёлета спонсарамі выступяць сетка крамаў Guitarland і крама Музыка. Таму, я спадзяюся, падарункі будуць не горшымі, чым у мінулыя гады. І маладыя музыканты, якія плануюць узяць удзел у конкурсе, ужо могуць спадзявацца на добрыя музычныя інструменты".
Традыцыйна, на фестывалі сыгрюць арекстр Аляксандра Ліпніцкага, гурт Apple Tea, ансамбль акардэаністаў "Фестываль", а таксама маладыя музыканты-пераможцы мінулых гадоў "Барабаннага біту". А бенефіцыянта, як раней, сёлета не будзе, кажа Сапега.
Аляксандр Сапега: "Бенефіцыянта я не бачу. Мне падаецца, што гэты год можна было б абазначыць як "джуніор". Каб тэмай гэтага фестывалю сталі маладыя музыканты. Я б хацеў, каб маладых стала болей, і каб яны выступілі са сваімі гуртамі. Таму джуніор, скажам так!"
У журы фестывалю ўвойдуць Аляксандр Сапега, Аляксандр Старажук і Святаслаў Чарнуха. А з верасня сябры журы пачнуць серыю майстар-класаў для маладых музыкантаў.
"Скажам, з мэтай падрыхтоўкі ўдзельнікаў! – удакладняе Аляксандр Сапега. - Свае майстар-класы вызваліся правесці і Аляксандр Старажук, і Святаслаў Чарнуха, ну і я, вядома. Да таго ж Слава валодае і добрымі арганізацыйнымі здольнасцямі – ён даказаў гэта шэрагам цікавейшых майстар-класаў, якія зладзіў у межах Guitarland. Магчыма, да нас з майстар-класамі прыедуць і музыканты з Масквы. То бок гэта будзе цікава і расцягнута на 2,5 месяцы".
Што тычыцца замежных гасцей "Барабаннага біту-2011", плануецца, што на фэст прыедзе госця з Латвіі – Нэлі Бубуянц.
Аляксандр Сапега: "Яна выказала зацікаўленнасць і зараз мы будзем сумяшчаць нашы графікі. Я б вельмі хацеў, каб яна прыехала. Па-першае, гэта неверагодна цікава, калі дзяўчына добра грае на бубнах. Дзяўчат не шмат, але тыя з іх, што граюць на бубнах, граюць проста цудоўна! На іх можна глядзець, як на агонь, на ваду, як на від з апошняга вагона. То бок гэта заварожвае!"
На форуме drummer.by ужо аб’яўлены пачатак прыёму заявак для ўдзелу ў конкурсе – гэта 1-е верасня. А першы адборачны тур адбудзецца з 1 па 11 лістапада. Па яго выніках будуць абраныя 10 чалавек. Фінальны тур конкурсу пройдзе 14-га лістапада ў адноўленым ПК МАЗ.