Барадулін і Някляеў зладзілі акцыю апладысментаў у лякарні (відэа, фота)

Рыгор Барадулін зноў у шпіталі. Лекары выявілі на кардыяграме арытмію, перадінфарктны стан – і прымусілі паэта падлячыцца. Першыя пару дзён нават трымалі ў рэанімацыі, цяпер ужо перавялі ў кардыялогію. Калі мы прыйшлі наведаць паэта, то заспелі там… Уладзіміра Някляева з жонкай Вольгай!

Някляеў прынёс Барадуліну чарніцы і чарэшні. Чарніцы дзядзька Рыгор адразу ж перамяшаў з кашаю, якую падалі на вячэру – і ўжыў па прызначэнні. Увечары ў сераду размова, натуральна, зайшла пра народныя гулянні. Някляеў і Барадулін ахвотна пагадзіліся далучыцца да акцыі ў відэа-форме, а дзядзька Рыгор потым запісаў невялікі зварот да тых, хто выходзіць папляскаць у ладкі.

Пакуль Някляеў быў у “амерыканцы”, Рыгор Барадулін штодня тэлефанаваў ягонай жонцы Вользе, каб выказаць словы падтрымкі.

Рыгор Барадулін: “Дарагія сябры! Калі б мне дазволіў стан здароўя, калі б я не быў у лякарні – я б быў разам з вамі! Трымайцеся, трымайцеся, трымайцеся!”

За апошнія два месяцы Барадулін трапляе ў рэанімацыю другі раз. Мінулы раз ужо ў лякарні ў паэта пачалося запаленне лёгкіх, узнялася высокая тэмпература. Цяпер вось – сэрца.

Рыгор Барадулін: “Не пажадаю і ворагу…  Лекары мяне сюды літаральна загналі. Спалохалі, што ў мяне перадінфарктны стан… І мая любімая жонка Валенька ўгаварыла. Я яе называю “мая Валюта”. У мяне валюты няма, ёсць адна валюта – гэта мая жонка, Валянціна Міхайлаўна. А лякарня для мяне як турыстычны паход па перасечанай мясцовасці”.

Народны паэт адразу пасля выпіскі збіраецца ехаць у родныя Ушачы.

Рыгор Барадулін: “Абавязкова паеду, я толькі і жыву гэтым. Я ў думках жыву практычна ва Ушачах. І ўвесь час паўтараю, што ў Мінску я як у камандзіроўцы. Я ва Ушачах памятаю кожнае возера, кожную сцежку. У мяне там засталіся такія набыткі – маміна хата, маміна яблыня, бацькаў вяз і магільнік, дзе мяне чакае мама. Мама мяне ўсё жыццё чакала тады – і цяпер чакае”.

 

А цяпер, калі Барадулін патрапіў у шпіталь, яго праведвае Някляеў.

Ва Ушачах Барадулін будзе лячыцца, як высветлілася, не толькі тым, што доктар прапіша.

Рыгор Барадулін: “Таблеткамі, пігулкамі – і ушацкім паветрам. Ушацкае паветра – гэта самае лепшае. І, канешне, позіркі маёй жонкі”.

 

Валянціна Барадуліна, Вольга Някляева, Уладзімір Някляеў, Рыгор Барадулін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі