Баранавіцкія актывісты шукалі праўду ў ААН шэсць гадоў
Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў незаконнай забарону мітынгу, які ў 2006 годзе меркавалі правесці Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша.
Актывісты нарэшце атрымалі адпаведны адказ на сваю скаргу. Камітэт палічыў, што беларускія ўлады ў гэтым выпадку парушылі Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта артыкул 19 і артыкул 21 Пакту.
У адказе з Камітэту адзначана, што “дзяржава-удзельніца абавязана прадаставіць аўтарам эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыццё панесеных імі судовых выдаткаў і кампенсацыю. Дзяржава-удзельніца таксама абавязана прыняць захады па недапушчэнні аналагічных парушэнняў у будучыні. У сувязі з гэтым дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасці Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, і яго прымяненне ў мэтах забеспячэння яго адпаведнасці патрабаванням артыкула 19 і артыкула 21 Пакта”, інфармуе Радыё Свабода.
10 верасня 2006 года Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша планавалі правесці ў Баранавічах мітынг “За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь”. Аднак гарвыканкам забараніў правядзенне масавай акцыі на той падставе, што сустрэча на такую тэму незадоўга да гэтага праводзілася ў гарвыканкаме.