Баранавіцкі Лядовы палац пераклаў свае даўгі на іншых
Цэлы год пазыкі гэтай арганізацыі адпрацоўвала мясцовая школа па хакеі, аказваючы платныя паслугі насельніцтву.
За год існавання КУП “Баранавіцкі лядовы палац” назапасіў больш за 1,45 мільярда рублёў даўгоў. У снежні мінулага года прадпрыемства ліквідавалі і перадалі будынак і маёмасць на баланс гарадскога аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму. На базе ліквідаванага Лядовага палаца была арганізавана Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па хакеі і спартыўнай гімнастыцы, на плечы якой і леглі даўгі палаца.
На сённяшні момант, па словах дырэктара Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па хакеі і фігурным катанні Аляксандра Кузьміча, у спартовай установы засталіся даўгі за ацяпленне і электраэнергію на суму 172 млн рублёў. Гэтую суму школа плануе пагасіць ў снежні гэтага года, піша газета Intex-press.