Барысаўская справа пра “знявагу дзяржсімвалаў” спыненая
Прычынай стаў недахоп доказаў.
Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Нагадаем, што падазронымі па справе праходзілі барысаўчане Аляксандр Малчанаў і Андрэй Мікалаеўскі.
Былы палітвязень Малчанаў і яго сябар трапілі пад пераслед міліцыі пасля таго, як 26 кастрычніка ў цэнтры Барысава былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі.
У ноч на 27 кастрычніка ў доме Малчанава прайшоў ператрус. Падчас яго міліцыянты шукалі забароненую нацыянальную сімволіку і канфіскавалі камп'ютар. Хоць міліцыя не знайшла ніякіх фармальных доказаў, Малчанава ўсё ж нейтралізавалі. Суд Барысаўскага раёна асудзіў яго на 10 сутак. Потым яго яшчэ трое сутак трымалі пад вартай па крымінальнай справе.
Потым дома ў Малчанава правялі другі ператрус. Таксама ператрус прайшоў і на кватэры ў Мікалаеўскага.