БАТЭ ачоліў турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі
У перамогу барысаўчан над брэсцкім "Дынама" значны ўнёсак зрабіў дынамавец Панкавец, які забіў аж 2 мячы ў свае вароты!
У аўторак прайшлі матчы 6-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Барысаўскі БАТЭ ў Брэсце ўпэўнена перамог мясцовае "Дынама" з лікам 3:0, мінскае "Дынама" дома прайграла наваполацкаму "Нафтану" — 0:1, з такім жа лікам "Віцебск" прайграў бабруйскай "Белшыне", салігорскі "Шахцёр" выйграў у "Мінска" — 1:0, "Дняпро" і "Нёман", "Тарпеда-БелАЗ" і "Гомель" згулялі ўнічыю 1:1.
Адзінаасобным лідэрам чэмпіянату стаў БАТЭ, у якога 11 ачкоў, на другім месцы "Белшына" з 10 ачкамі, "Шахцёр" і "Гомель" маюць па 9 ачкоў.
Наступны тур пройдзе ў суботу, 23 красавіка. Цэнтральнымі матчамі будуць сустрэчы: "Гомель" — "Шахцёр", БАТЭ — "Тарпеда-БелАЗ".