БАТЭ з цяжкасцю згуляў унічыю ў Магілёве
Рэнан Брэсан не забіў пенальці, але Міхаіл Гардзяйчук свайго шанцу не ўпусціў.
У нядзелю прайшлі матчы 3-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе.
Барысаўскі БАТЭ з цяжкасцю здолеў звесці гульню да нічыі ў Магілёве з мясцовым "Дняпром". Лік адкрыў Антон Мацвяенка на 4-й хвіліне. У далейшым гаспадары поля пераважна абараняліся і часам праводзілі імклівыя контратакі. На 69-й хвіліне Рэнан Брэсан не здолеў рэалізаваць пенальці, прызначаны за знос у штрафной Паўла Няхайчыка — варатар "Дняпра" Барыс Панкратаў парыраваў удар. На той час каманды гулялі ўжо без выдаленых з поля барысаўчаніна Арцёма Радзькова і магілёўца Андрэя Распопава (абодва атрымалі па дзве жоўтыя карткі). Лік на 86-й хвіліне зраўняў Міхаіл Гардзяйчук, які не першы раз вызначаецца, выходзячы на замену. Нічыя — 1:1. Такім чынам, "Дняпро" набраў першае ачко ў чэмпіянаце.
У іншых матчах былі зафіксаваныя наступныя вынікі: жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" дома прайграла бабруйскай "Белшыне" — 0:1, наваполацкі "Нафтан" — гродзенскаму "Нёману" — 1:2, салігорскі "Шахцёр" атрымаў перамогу над "Віцебскам" — 1:0, брэсцкае "Дынама" і "Мінск" згулялі ў баявую нічыю — 2:2 (адзначым, што лік адкрыў мінчук Раман Васілюк, які забіў гол у вароты былых аднаклубнікаў ужо на 6-й хвіліне), унічыю згулялі таксама мінскае "Дынама" і "Гомель" — 0:0.
Лідыруе ў турнірнай табліцы салігорскі "Шахцёр", у якога 6 ачкоў, у брэсцкага, мінскага "Дынама", "Мінска", БАТЭ і "Гомеля" — па 5.
Матчы наступнага, 4-га тура, пройдуць 15 красавіка.